2017-07-15 12:46:00

Ватыканская дыпламатыя пра радыкалізм у рэлігіі


“Яшчэ раней за зверствы так званай ісламскай дзяржавы хрысціяне і іншыя меншасці адчувалі сябе грамадзянамі другога класа”, - заявіў сакратар Апостальскай Сталіцы па адносінах з дзяржавамі, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, падчас міжнароднай канферэнцыі на тэму абароны правоў рэлігійных супольнасцяў, якая адбылася 14 ліпеня 2017 г. у рымскім Палацы Фарнэзіна, сядзібе Міністэрства замежных спраў Італіі.

“Трэба быць аб’ектыўнымі: ідэалагічнае дыскрымінацыйнае выкладанне фактаў не будзе вынішчана простым разгромам ісламскай дзяржавы на Бліжнім Усходзе. Рэканструяваць будынкі ў Іраку будзе найбольш простай часткай, адбудаваць мясцовае грамадства і стварыць сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя ўмовы, каб даць яму надзею на вяртанне і ўзнаўленне мірнага суіснавання, – значна больш складанай”, – перасцярог ватыканскі дыпламат.

Іерарх падкрэсліў, што ўвага Апостальскай Сталіцы звернута да абароны правоў усіх меншасцяў і супольнасцяў, незалежна ад расы, этнічнай ці рэлігійнай прыналежнасці, хоць лёс хрысціян на Бліжнім Усходзе непакоіць асабліва. Прадстаўнік Святога Пасаду нагадаў, што рэлігійны плюралізм – спрадвечная адметнасць рэгіёну, якая дагэтуль гарантавала бесканфліктнае існаванне побач прадстаўнікоў розных веравызнанняў. Пры гэтым менавіта хрысціянства вызначае сапраўдную ідэнтычнасць Бліжняга Усходу, якую джыхадзісты, ставячы пад небяспеку хрысціян, імкнуцца разбурыць, сказаў арцыбіскуп Галахер.

На думку іерарха, супрацьстаяць дыскрымінацыі трэба, перш за ўсё, вынішчаючы радыкалізм і любыя яго адгалінаванні, якія маюць на мэце ўкараніць рэлігію на глебе насілля. Рабіць гэта трэба, галоўным чынам, у інтэрнэт-прасторы і сферы новых тэхналогій, дзе памылковыя пасылы распаўсюджваюцца з вялікай хуткасцю. Гарантаванне свабоды веравызнання важна, бо гэта неад’емная частка правоў чалавека, адзначыў арцыбіскуп Галахер.

У рамках канферэнцыі Міністр замежных спраў Італіі Анджэліна Альфана абвясціў аб заснаванні новага органа – “Цэнтра па назіранні за сітуацыяй меншасцяў у свеце і павагай да свабоды веравызнання”, якую ўзначаліць Сальваторэ Марцінэс, кіраўнік каталіцкага руху “Абнаўленне ў Святым Духу”. Місіяй новай структуры будзе маніторынг умоў, у якіх знаходзяцца меншасныя рэлігійныя групы, і рэагаванне праз ініцыятывы, распрацаваныя сумесна з міжнароднай дыпламатычнай сеткай, на найбольш жорскія выпадкі парушэння іх правоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.