2017-07-11 12:29:00

Святы Пасад за поўнае невалоданне ядзернай зброяй


У працах па дамове ААН аб забароне ядзернай зброі актыўна ўдзельнічаў таксама Святы Пасад. Арцыбіскуп Сільвана Тамазі, былы шматгадовы ватыканскі прадстаўнік у Арганізацыі, звярнуў увагу на важнасць гэтага дакумента.

“На працягу некалькіх гадоў, розныя краіны, у тым ліку Святы Пасад, імкнуцца забараніць не толькі выкарыстанне, але і валоданне ядзернай зброяй. Гэтая ініцыятыва атрымала паскарэнне пасля сустрэчы ў Вене 2014 г., калі Францішак у сваім паведамленні да яе ўдзельнікаў падкрэсліў, што ставіць сваю бяспеку ў залежнасць ад ядзернай зброі проста неразумна”, - звярнуў увагу арцыбіскуп Тамазі.

У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё іерарх з жалем заўважыў, што краіны, якія маюць ядзерны арсенал, разглядаюць узгаданую дамову як жэст вельмі ідэалістычны. Аднак варта памятаць, што ў выпадку іншых відаў зброі: хімічнай, біялагічнай, супрацьпяхотных і касетных мін, атрымалася забараніць іх выкарыстанне ў адпаведнасці з міжнароднымі канвенцыямі, хоць раней пытанне знаходзілася ў прававым вакууме. 

Арцыбіскуп Тамазі заўважыў у сувязі з гэтым, што з часам нараджаецца пэўны  менталітэт, які можа прывесці да пераканання, што наша бяспека грунтуецца не на валоданні ядзернай зброяй, а на тым, каб ніводная краіна яе не мела.

Дамову ухвалілі 122 краіны пасля некалькіх месяцаў дыскусій. Пры гэтым дзяржавы, якія маюць ядзерную зброю, аказвалі магутны супраціў пры падтрымцы сваіх саюзнікаў і ў рэшце рэшт байкатавалі перамовы. У прыватнасці, дыскусію праігнаравалі Злучаныя Штаты, Вялікабрытанія, Расія і іншыя.

Рашэнне аб падрыхтоўцы дакумента было ініцыявана на пасяджэнні Генеральнай асамблеі ААН у канцы 2016 г. Рэзалюцыю падтрымала большасць дзяржаў, 30 краін прагаласавалі супраць. На аснове гэтага рашэння была створана Канферэнцыя ААН, якая мела на мэце юрыдычна выпрацаваць дакумент для забароны ядзернай зброі і яе поўнай ліквідацыі ў будучыні.

У дакуменце адзначаецца, што большасць краін свету больш не разглядаюць ядзерную зброю як легітымны сродак вайны. Паведамляецца, што краіны-падпісанты абавязваюцца не распрацоўваць, не набываць і не выпрабоўваць ядзерную зброю. Акрамя таго, пагадненне абавязвае дзяржавы аказваць дапамогу ахвярам прымянення зброі масавага паражэння.








All the contents on this site are copyrighted ©.