Папа Францішак 8 ліпеня 2017 г. прызначыў трох новых падсакратароў для Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, якой кіруе кардынал Пітэр Тарксан. Адным з іх цяпер з’яўляецца 69-ці гадовая італьянка Фламінія Джованэллі. Яна стала намеснікам сакратара Камісіі па справах Міграцыі, Правоў Чалавека, Аховы Асяроддзя і Барацьбы з чалавечай беднасцю. Такім чынам, яна стала трэцяю асобай, паводле ерархіі, ў гэтай ватыканскай ўстанове.
Высокія пасады ў Ватыкане займалі дагэтуль толькі лічаныя жанчыны. Фламінія Джованэллі па прафэсіі палітолаг. У Ватыкане ўжо працавала ў якасці намесніка сакратара Папскай рады “Iustitia et Pax” (Справядлівасць і мір), якая, аднак, была менш уплывовай, чым створаная 17 жніўня мінулага года Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.
На працягу апошніх 10-ці гадоў колькасць жанчын, якія працуюць у Ватыкане, павялічылася з 13 да 19 працэнтаў ад агульнай колькасці супрацоўнікаў, і павольна, але пастаянна расце. Першая жанчына была прынятая на працу 1-га лютага 1915 г. Ёю была італьянка Анна Пэццолі, якая заняла пасад дапаможніцы у так званай, “Floreria Apostolica”, структуры адказнай за афармленне і дызайн інтэр'ераў і месцаў, дзе праводзяцца сустрэчы з Папам.
Ян Мойсік
All the contents on this site are copyrighted ©. |