2017-07-09 13:22:00

Пантыфік заклікаў паважаць працу “людзей мора”


Пантыфік нагадаў пра “Марскую нядзелю”, якая адзначаецца 9 ліпеня 2017 г. у Касцёле і накіравана на падтрымку душпастырства “людзей мора”. Сёння ў сацыяльнай сетцы “Twitter” Папа даручыў “людзей мора, рыбакоў і ўсіх, хто знаходзіцца ў цяжкасцях і далёка ад дома, мацярынскай апецы Марыі, Зорцы мора”.

Другая нядзеля ліпеня ў Касцёла заўсёды прысвечана тым, хто працуе на моры. Да гэтага дня Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека апублікавала 9 ліпеня 2017 г.  спецыяльнае пасланне. Кардынал Пітэр Тарксан, старшыня дыкастэрыі, нагадаў у ім пра важнасць існавання марской галіны і пра складаную працу тых, хто заняты ў ёй. “Дзякуючы цяжкай працы маракоў, нашае жыццё становіцца больш камфортным, таму што яны правозяць праз акіян больш за 90 адсоткаў усіх відаў тавараў”, - падкрэсліў іерарх. Ён заўважыў, што людзі мора, аднак, перажываюць вялікую адзіноту, дэпрэсію і ізаляцыю ад свету, што, па дадзеных аднаго брытанскага даследавання, з'яўляецца галоўнай прычынай іх смерці.

Акрамя таго, адзначаецца ў дакуменце ватыканскай дыкастэрыі, сямейнае жыццё маракоў знаходзіцца ў небяспецы, паколькі яны не бачацца са сваімі роднымі на працягу многіх месяцаў і нават на працягу некалькіх гадоў.  “Доўгія месяцы ўдалечыні ад сям'і патрабуюць вялікае ахвярнасці, якая часта аказвае негатыўны уплыў на сямейнае жыццё”, - адзначыў пурпурат.

Годнасць маракоў часта знаходзіцца пад пагрозай, калі яны павінны змагацца за свае працоўныя правы, за  права на справядлівую зарплату. “Усё ж яшчэ існуе занадта шмат выпадкаў, што маракоў падманваюць па заработнай плаце, іх экслуатуюць і яны злоўжываныя на працоўных месцах”, - напісаў іерарх.Таксама, паводле кардынала Тарксана, жыццё маракоў пастаянна знаходзіцца пад пагрозай тэрарызму і пірацтва.

Апошнюю частку свайго паслання кардынал Тарксан прысвяціў рыбалавецкай галіне і рыбакам, якім будзе будзе прысвечаны Сусветны кангрэс. Ён адбудзецца ў кастрычніку гэтага года ў Тайвані. “Хоць прафесія рыбакоў лічыцца адной з самых небяспечных у свеце, іх заработная плата значна ніжэйшая, чым у маракоў. Сектар рыбалоўства пакутуе ад выпадкаў гандлю людзьмі і прымусовай працы”, - нагадаў іерарх. Кардынал Тарксан заклікаў да салідарнасці з людзьмі мора і да падтрымкі апостальства мора.

 

Ян Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.