2017-07-08 14:56:00

Святы Пасад аб нормах прыгатавання хлеба і віна для Эўхарыстыі


8 ліпеня 2017 г. Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў апублікавала цыркулярны ліст да біскупаў усяго свету “Пра хлеб і віно для Эўхарыстыі”, падрыхтаваны па даручэнні папы Францішка. Дакумент дае шэраг практычных указанняў для забеспячэння “якасці хлеба і віна, прызначаных для Эўхарыстыі”, і адпаведнасці асоб, якія іх вырабляюць.

Калі дагэтуль аб прыгатаванні хлеба і віна для Эўхарыстыі ў асноўным клапаціліся асобныя рэлігійныя супольнасці, сёння іх можна набыць у супермаркетах, крамах і нават праз інтэрнэт, гаворыцца ў дакуменце за подпісам кардынала Рабера Сара, прэфекта ўзгаданай Кагрэгацыі. “Каб не пакідаць сумневаў адносна сапраўднасці эўхарыстычнага матэрыялу”, дыкастэрыя рэкамендуе біскупам “даваць адпаведныя настаўленні, напрыклад, забяспечваць гарантыю адпаведнасці хлеба і віна характарыстыкам, якія б дазвалялі іх выкарыстанне падчас сакрамэнту Эўхарыстыі, спецыяльнымі сертыфікатамі”.

Дакумент нагадвае, што “хлеб, які выкарыстоўваецца падчас літургіі”, павінен быць прэсны, выключна з пшанічнай мукі і нядаўна выраблены, каб не было рызыкі яго разлажэння”. “Увядзенне ў працэс прыгатавання хлеба для Эўхарыстыі іншых кампанентаў, такіх як фрукты, цукар або мёд, з’яўляецца сур’ёзным парушэннем нормаў, - перасцерагае Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. - Гостыі павінны быць прыгатаваны асобамі, якія не толькі вылучаюцца сумленнасцю, але з’яўляюцца знаўцамі ў справе іх вырабу і маюць адпаведныя для гэтага прылады”.

Віно “павінна быць натуральным, з вінаградных пладоў, сапраўдным, непадробленым, без утрымання  пабочных рэчываў”. Трэба сачыць за тым, каб яно “захоўвалася ў выдатным стане і не пракісала”. Забараняецца выкарыстоўваць віно, адносна натуральнасці і паходжання якога ёсць сумневы: Каталіцкі Касцёл патрабуе верагоднасці адносна захавання неабходных для сапраўднасці сакрамэнтаў умоў.

Адносна норм, якія тычацца асоб, што па пэўных сур’ёзных прычынах не могуць прымаць хлеб і віно, прыгатаваныя такім чынам, дакумент удакладняе, што “гостыі, цалкам пазбаўленыя клейкавіны”, з’яўляюцца непрыдатнымі для Эўхарыстыі, аднак дапускаецца выкарыстанне гостый, “у якіх утрымліваецца колькасць клейкавіны, дастатковая для хлебапячэння без дабаўлення пабочных рэчываў або выкарыстання спосабаў прыгатавання, якія робяць хлеб ненатуральным”. “Вінаградны сок, свежы або захаваны, працэс браджэння якога быў спынены спосабам, які не ўплывае на яго натуральнасць, як, напрыклад, замарожванне, з’яўляецца прытадным для Эўхарыстыі”. Прыдатным можа лічыцца і “эўхарыстычны матэрыял, прыгатаваны з выкарыстаннем генетычна мадыфікаваных арганізмаў”.

“Складанасць сітуацый і ўмоў, а таксама недахоп павагі да сакральнай сферы” абумоўліваюць практычную неабходнасць, каб, па даручэнні кампетэнтных улад, забяспечвалася фактычная гарантыя сапраўднасці эўхарыстычнага матэрыялу, яго распаўсюджвання і продажу”, гаворыцца ў дакуменце.








All the contents on this site are copyrighted ©.