2017-07-06 14:13:00

Святы Пасад заклікае да абароны правоў пажылых людзей


Хуткі рост колькасці пажылога насельніцтва планеты вымушае распрацоўваць канкрэтныя практычныя меры для таго, каб правы гэтай катэгорыі людзей паважаліся, а іх патрэбы разглядаліся ў якасці "тэрміновага прыярытэту", адзначыў 5 ліпеня 2017 г. арцыбіскуп Бернардзіта Аўса, пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН, падчас выступлення ў Нью-Ёрку на VIII адкрытай сесіі Працоўнай групы па праблеме старэння насельніцтва.

Падчас абмеркавання тэмы “Меры па павелічэнні ўнёску пажылых людзей у сацыяльнае развіццё” ватыканскі прадстаўнік нагадаў занепакоенасць папы Францішка, які ўжо звяртаў увагу на той факт, што грамадства не падрыхтавана да ўзрастання колькасці асоб сталага ўзросту, ні з пункту гледжання іх забеспячэння годным месцам для жыцця, ні належнага паважлівага стаўлення і практычнага ўсведамлення далікатнасці іх стану.

“Старыя людзі празмерна ўспрыімлівыя да беднасці, праблем са здароўем, недзеяздольнасці, сацыяльнай ізаляцыі, насілля, пакінутасці, дрэннага абыходжання”, “нярэдка яны нясуць на сабе асноўны цяжар праблем, выкліканых стыхійнымі бедствамі, узброенымі канфліктамі і фінансавымі крызісамі, бо іх доступ да служб хуткай дапамогі абмяжоўваецца меншай мабільнасцю і іншымі ўзроставымі фактарамі”, сказаў арцыбіскуп Аўса.

Вельмі часта гэтая катэгорыя людзей застаецца па-за межамі працэсаў грамадскага развіцця, нягледзячы на мудрасць, назапашаную імі на працягу жыцця. Ватыканскі дыпламат запрасіў міжнародную супольнасць распрацоўваць практыкі, якія б спрыялі актыўнаму палітычнаму ўдзелу пажылых асоб, іх далучэнню да працэсу прыняцця рашэнняў, прызнанню іх ролі як эканамічных удзельнікаў, забеспячэнню магчымасці спакойнага і ўпэўненага выхаду на пенсію ў адпаведным узросце, а таксама доступу да бесперапыннай адукацыйнай дзейнасці.

Нарэшце, арцыбіскуп Аўса заклікаў быць уважлівымі да патрэб такіх асоб. Пакінутасць людзей пажылога ўзросту, недастатковасць фінансавых сродкаў для забеспячэння належнага догляду за імі, адсутнасць салідарнасці паміж пакаленнямі, прыбяганне да эўтаназіі накіраваны на “карыстальнікаў паслугамі”, але не спрыяюць дабрабыту грамадства.

Іерарх выказаў упэўненасць, што менавіта перад абліччам іх хвароб, ізаляцыі і самоты мы можам даказаць, што павага і любоў да людзей сталага ўзросту пераўзыходзіць любыя палітычныя ці эканамічныя інтарэсы, бо “гэтыя асобы застаюцца роўнымі з намі у сваёй чалавечай годнасці, якая не змяншаецца разам з памяншэннем эканамічнага патэнцыялу і фізічных здольнасцей”.








All the contents on this site are copyrighted ©.