2017-07-04 15:45:00

Дыялог Святога Пасаду з духоўным цэнтрам ісламу працягваецца


3 ліпеня 2017 г. у Апостальскай нунцыятуры ў Егіпце адбылася сустрэча паміж прадстаўнікамі Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу і Цэнтра дыялогу ісламскага ўніверсітэта “Аль-Азхар”.

Мусульманскую дэлегацыю ўзначальваў шэйх Махей аль-Дзін Афіфі Ахмед, прафесар, генеральны сакратар Акадэміі ісламскіх даследаванняў “Аль-Азхар” і каардынатар дыялогу, а ватыканскую – кс. Мігель Анхель Аюса Гішот, сакратар Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу.

У спецыяльным паведамленні пасля сустрэчы гаворыцца, што дыялог працягваецца згодна з папярэднім пагадненнем ад 28 мая 1998 года і ў святле заяў папы Францішка і Вялікага Імама “Аль-Азхар”, Ахмеда Мухамада аль-Таеба падчас гістарычнай мірнай канферэнцыі ў Каіры 28 красавіка 2017 г. Там было падкрэслена, што разважанні з’яўляюцца агульным абавязацельствам; яны садзейнічаюць эфектыўнасці міжрэлігійнага дыялогу, а таксама служаць забеспячэнню міру і пабудове больш справядлівага свету.

У 2011 г. дыялог быў прыпынены па ініцыятыве ўніверсітэта “Аль-Азхар”, што стала рэакцыяй на словы Бэнэдыкта XVI, інтэрпрэтаваныя кіраўніцтвам установы як удар па ісламу.

Універсітэт “Аль-Азхар” - гэта адзін са старэйшых універсітэтаў у свеце і адзін з самых прэстыжных мусульманскіх вышэйшых навучальных устаноў. Ён быў заснаваны ў Каіры ў 988 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.