2017-07-03 13:13:00

Святы Айцец заклікаў шанаваць правы хворага дзіцяці


Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы апублікаваў паведамленне, у якім заявіў аб ватыканскай пазіцыі адносна справы Чарлі Гарда, 10-месячнага хлопчыка з заходняга Лондану, які павінен быць адключаны ад медыцынскага абсталявання, што падтрымлівае яго жыццё. Гэта павінна быць зроблена па рашэнні суда. Дзіця пакутуе ад надзвычай рэдкага і невылечнага генетычнага захворвання, якое вядзе да паступовай мускульнай атрафіі і разбурэння галаўнога мозга.

“Святы Айцец з любоўю і эмоцыямі сочыць за гісторыяй маленькага Чарлі Гарда і выказвае сваю блізкасць да яго бацькоў. Ён моліцца за іх, выказваючы надзею, што не будзе ігнаравацца іх жаданне, каб да канца была аказана дапамога і лячэнне іх дзіцяці”, - гаворыцца ў заяве Апостальскай Сталіцы.

Бацькі Чарлі Гарда просяць для свайго сына эксперыментальнага лячэння ў ЗША, аднак лонданскія медыкі лічаць, што гэта не прынясе вынікаў. Брытанскі суд пастанавіў спыніць штучнае падтрыманне жыцця Чарлі, а Еўрапейскі суд па правах чалавека пацвердзіў гэтае рашэнне. 

На працягу 9 месяцаў змагання за жыццё хлопчыка ў краінах Еўропы была запушчана кампанія “Не забівайце Чарлі” (“Don’t kill Charlie”), адбываліся малітоўныя чуванні ў гэтай інтэнцыі. Больш за 83 тыс. чалавек ахвяравалі бацькам хлопчыка сродкі на яго лячэнне. Тым не менш, брытанскія медыкі і суд вырашылі па-іншаму.








All the contents on this site are copyrighted ©.