2017-07-02 14:58:00

Папа: трэба вызначыцца – або ты з Езусам, або з духам свету


Пра тое, як быць добрым вучнем-місіянерам Хрыста казаў Францішак 2 ліпеня 2017 г. у Ватыкане падчас разважанняў перад малітвай “Анёл Панскі”. Папа адзначыў, што любоў да бацькоў, братоў і сясцёр, хоць гэта вельмі добра і абгрунтавана, не можа пераважаць над нашай сувяззю з Хрыстом. Ён патлумачыў, што гаворка ідзе не пра адмову ад пачуццяў і павагі, а пра те, што сітуацыя вучня патрабуе прыярытэтных адносін з настаўнікам. Калі гаворка ідзе пра вучня, то маецца на ўвазе як біскуп і ксёндз, так і кожны свецкі вернік. Або з Езусам, Яго духам, або з духам свету, папрасіў вызначыцца Пантыфік.

“Сёння літургія прапануе нам апошнія фрагменты місійнай мовы дзесятага раздзелу Евангелля св. Мацвея (10, 37-42), дзе Езус навучае дванаццаць апосталаў у той момант, калі ўпершыню высылае іх на місіі ў вёскі Галілеі і Юдэі, - нагадаў Папа. - У гэтай заключнай частцы Езус падкрэслівае два важныя аспекты жыцця вучня-місіянера: першы – яго адносіны з Езусам мацнейшыя, чым любыя іншыя адносіны; па-другое, што місіянер прапаведуе не сябе, а Езуса, і праз Яго – любоў Нябеснага Айца. Гэтыя два аспекты ўзаемазвязаны, таму што, чым больш Езус знаходзіцца ў цэнтры пачуццяў і жыцця вучня, тым больш вучань “празрысты” для Яго прысутнасці.

“Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, не варты Мяне...” (10, 37). Любоў бацькі, пяшчота маці, салодкае сяброўства паміж братамі і сёстрамі, – усё гэта, хоць і з’яўляецца вельмі добрым і абгрунтаваным, не можа перавыжшаць Хрыста. Не таму, што хацеў бы, каб мы былі пазбаўлены пачуццяў і павагі, але, наадварот, таму, што сітуацыя вучня патрабуе прыярытэтных адносін з настаўнікам. Кожны вучань, няхай гэта будзе свецкі чалавек, святар, біскуп, павінен мець прыярытэтныя адносіны з Езусам. Магчыма, першае пытанне, якое трэба задаць хрысціяніну: ці сустракаешся з Езусам, ці молішся да Езуса... Можна зрабіць парафраз Кнігі Быцця: Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і прылепіцца да Езуса Хрыста, і стануць яны адным целам (Быц 2,24).

Той, хто жыве гэтай повяззю любові і жыцця з Панам Езусам, становіцца яго прадстаўніком, яго “паслом”, перш за ўсё праз свой спосаб быцця, жыцця. У такой ступені, што сам Езус, адпраўляючы вучняў на місіі кажа ім: “Хто прымае вас, Мяне прымае. А хто прымае Мяне, прымае таго, хто паслаў Мяне”(Мц 10, 40). Трэба, каб людзі маглі бачыць, што для гэтага вучня Езус сапраўды “Пан”, сапраўды цэнтр, усё жыццё. Не мае значэння, калі пазней, як кожны чалавек мае свае абмежаванні, і нават памылкі, толькі павінен мець пакору прызнацца ў іх. Важна, каб не меў двудушнага сэрца. Гэта небяспечна: я – хрысціянін, вучань Езуса, святар, біскуп, але маё сэрца крывадушнае: так быць не можа. Сэрца павінна быць не двудушнае, але простае, з’яднанае, каб чалавек не быў тут і там, але быў сумленны з самім сабой і іншымі. Крывадушнасць не з’яўляецца хрысціянскай. Таму Езус моліцца да Айца, каб вучні не траплялі ў духоўнасць свету.

І тут наш святарскі вопыт вучыць нас адной рэчы, вельмі прыгожай і важнай: прыняцце з боку святога вернага Божага народа, гэта той “кубак халоднай вады” (Мц 10, 42), пра які Пан кажа сёння ў Евангеллі; дадзены з сардэчнай верай, дапамагае табе быць добрым святаром! Існуе ўзаемнасць таксама і ў місіі: калі пакінеш усё дзеля Езуса, людзі пазнаюць у табе Пана і адначасова дапамогуць табе ў штодзённым навяртанні да Яго, у абнаўленні і ачышчэнні ад кампрамісаў і пераадоленні спакус. Чым бліжэй святар будзе да Божага народу, тым больш блізкім ён будзе адчуваць сябе да Езуса. І чым больш святар будзе блізкім да Езуса, тым больш ён будзе адчуваць сябе бліжэй да Божага народа.

Дзева Марыя асабіста адчула, што значыць любіць Езуса, набіраючы дыстанцыю да сябе, надаючы новае значэнне сямейным сувязям, пачынаючы ад веры ў Яго. Няхай праз сваё матчына заступніцтва дапамагае нам быць свабоднымі і радаснымі місіянерамі Евангелля”, - сказаў Папа.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў сабраных на плошчы св. Пятра, рымлян і пілігрымаў! Пажадаў ўсім добрай нядзелі і папрасіў не забывацца маліцца за яго.








All the contents on this site are copyrighted ©.