2017-07-01 13:56:00

Святы Пасад адносна выпадку цяжка хворага дзіцяці


Згодна з рашэннем Еўрапейскага суда па правах чалавека, 30 чэрвеня 2017 г. ад апаратаў штучнага падтрымання жыцця быў адключаны 10-месячны Чарлі Гард – хлопчык нарадзіўся ў Вялікабрытаніі з вельмі рэдкай і цяжкай формай мітахандрыяльнага захворвання, якое вядзе да паступовай мускульнай атрафіі і разбурэння галаўнога мозга. Спецыяльным паведамленнем на сітуацыю, якая атрымала шырокі рэзананс, адрэагаваў старшыня Папскай акадэміі жыцця, арцыбіскуп Вінчэнца Палья. 

Іерарх падкрэсліў, што ў падобных выпадках неабходна прыслухоўвацца і ставіцца з павагай да волі бацькоў, аднак, у той жа час, дапамагаць ім усвядоміць асаблівую скаладанасць іх умоў, з-за якой немагчыма дазволіць ім самастойна прымаць настолькі балючыя рашэнні. “Калі тэрапеўтычны саюз паміж пацыентам (у гэтым выпадку яго бацькамі) і медыкамі разрываецца, усё становіцца яшчэ больш складаным” і вымагае звароту да юрыдычных устаноў, каб пазбегнуць палітычнай ці ідэалагічнай інструменталізацыі і медыйнага, нярэдка, павярхоўнага абмеркавання сітуацыі.

У той жа час арцыбіскуп Палья нагадаў пазіцыю Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Англіі і Уэльса, згодна з якой ні ў якім выпадку недапушчальна свядомае спрыянне смерці асобы: хоць часам і даводзіцца прызнаваць абмежаванні таго, што можа быць зроблена, трэба з пакорай клапаціцца пра хворага да моманту яго натуральнай смерці.

Выпадак маленькага англійскага хлопчыка Чарлі Гарда і яго бацькоў кранае болем і надзеяй, аб якіх сведчыць. За іх, за ўсіх, хто змагаўся за жыццё Чарлі і за тых, хто закліканы прымаць рашэнні адносна іх будучыні, узносім да Пана малітву, каб “нічога не змарнавалася”, гаворыцца ў паведамленні.

Бацькі Чарлі Гарда прасілі для свайго сына эксперыментальнага лячэння ў ЗША, аднак медыкі дзіцячага шпіталя Грэйт-Армонд-стрыт у Лондане запэўнілі, што ў дадзеным выпадку ніякія меры не далі б станоўчага выніку і хлопчык быў бы асуджаны на невымоўныя пакуты.

На працягу 9 месяцаў змагання за жыццё Чарлі ў краінах Еўропы была запушчана кампанія “Не забівайце Чарлі” (“Don’t kill Charlie”), а таксама малітоўныя чуванні ў інтэнцыі хворага хлопчыка і яго бацькоў. За гэты час больш за 83 тыс. чалавек ахвяравалі бацькам хлопчыка сродкі на яго лячэнне. Усяго удалося сабраць больш за 1,3 млн фунтаў стэрлінгаў.

Тым не менш, робячы спасылку на прынцып, зацверджаны міжнародным заканадаўствам, згодна з якім правы дзіцяці маюць прыярытэт над правамі бацькоў, і прымаючы пад увагу надзвычай цяжкі стан хлопчыка, брытанскае правасуддзе пастанавіла спыніць 30 чэрвеня 2017 г. штучнае падтрыманне жыцця Чарлі. У аўторак, 27 чэрвеня 2017 г., Еўрапейскі суд па правах чалавека пацвердзіў, што “гэта канчатковае рашэнне”.








All the contents on this site are copyrighted ©.