2017-06-29 11:04:00

Ватыканскі кардынал адправіцца на радзіму для ўдзелу ў судзе


Апостальская Сталіца з жалем прыняла паведамленне аб выстаўленых супраць кардынала Джорджа Пэла абвінавачаннях, звязазаных з падзеямі, якія адбыліся некалькі дзесяцігоддзяў таму. З поўнай павагай да грамадзянскіх законаў, прызнаючы важнасць асабістага ўдзелу у працэсе для яго справядлівага ходу і спрыяння пошуку праўды, іерарх вырашыў вярнуцца ў сваю краіну, каб адказаць на абвінавачанні, паведаміла ў спецыяльнай заяве Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Прэфект Сакратарыяту па эканамічных пытаннях абвінавачваецца аўстралійскімі праваахоўнымі органамі ў сексуальных злоўжываннях, якія, паводле следства, мелі месца ў 1970-х гадах, калі ён быў яшчэ святаром. Высокі ватыканскі іерарх, які павінен будзе прадстаць перад судовымі органамі 18 ліпеня 2017 г., заявіў аб сваёй невінаватасці, фальшывасці абвінавачанняў і рашучай гатоўнасці даказаць гэта.

Кардынал звярнуўся да Папы з просьбай вярнуцца ў Аўстралію і абараніць сваю рэпутацыю. Францішак даў яму такую магчымасць. Падчас адсутнасці прэфекта, Сакратарыят па эканамічных пытаннях працягне выконваць свае функцыі. Сакратары застануцца на сваіх пасадах для вырашэння звычайных спраў да прыняцця далейшых рашэнняў, гаворыцца ў ватыканскім камюніке. 

Пантыфік, які змог ацаніць сумленнасць кардынала Пэла за тры гады працы ў Рымскай курыі, удзячны яму за супрацоўніцтва, і асабліва, за энергічную дзейнасць на карысць рэфармавання эканамічнага і адміністрацыйнага сектару, а таксама актыўныў удзел у працы Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам. Апостальская Сталіца ставіцца з павагай да аўстралійскага правасуддзя, якое павінна прыняць рашэнне адносна існуючых пытанняў.

Святы Пасад нагадаў, што кардынал Пэл на працягу дзесяцігоддзяў адкрыта і неаднаразова асуджаў злоўжыванні супраць непаўналетніх. У мінулым ён супрацоўнічаў з аўстралійскімі ўладамі, даючы паказанні перад Каралеўскай камісіяй. Іерарх таксама падтрымаў стварэнне Папскай камісіі па абароне непаўналетніх і паспрыяў увядзенню у Касцёле ў Аўстраліі сістэмы і працэдур для абароны непаўналетніх і аказання дапамогі ахвярам злоўжыванняў. 








All the contents on this site are copyrighted ©.