2017-06-25 13:36:00

Пантыфік: цярпенні – частка евангелізацыйнай дзейнасці


Цяжкасці і цярпенні з’яўляюцца часткай евангелізацыйнай дзейнасці і мы пакліканы знайсці ў іх нагоду, каб праверыць сапраўднасць нашай веры і нашых адносін з Езусам, адзначыў папа Францішак 25 чэрвеня 2017 г. падчас малітвы “Анёл Панскі” у Ватыкане.

“У сённяшнім Евангеллі (пар. Мц 10,26-33) Пан Езус, пасля таго, як паклікаў і адправіў на місію сваіх вучняў, вучыць і рыхтуе іх адказваць на выпрабаванні і пераслед, які павінны будуць сустрэць, - заўважыў Пантыфік. - Адправіцца на місію, гэта не тое самае, што здзейсніць турыстычную вандроўку, і Езус папярэджвае сваіх: “Сустрэнеце пераслед”. Заклікае іх так: “Не бойцеся людзей, бо няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і нічога патаемнага, што б не стала вядомым. Што кажу вам у цемры, гаварыце на святле (...) Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць” (Мц 10,26-28). Не бойцеся тых, хто толькі можа забіць цела, а душы забіць не можа. Заклік Езуса да місіі не гарантуе поспеху вучням, а таксама не бароніць іх ад паразаў і пакутаў. Яны павінны ўлічваць як магчымасць адмаўлення, так і пераследу. Гэта крыху палохае, але гэта праўда. 

Вучань пакліканы да ўпадабнення ўласнага жыцця з Хрыстом, які быў пераследаваны людзьмі, спазнаў адмаўленне, пакінутасць і смерць на крыжы. Не існуе хрысціянскай місіі пад знакам бестурботнасці. Цяжкасці і цярпенні з’яўляюцца часткай евангелізацыйнай дзейнасці і мы пакліканы знайсці ў іх нагоду, каб праверыць сапраўднасць нашай веры і нашых адносін з Езусам. Мы павінны лічыць гэтыя цяжкасці як бы магчымасцю для таго, каб быць больш місійнымі і ўзрастаць у гэтым даверы да Бога, нашага Айца, які не пакідае сваіх дзяцей у час буры. У цяжкасцях хрысціянскага сведчання ў свеце, мы ніколі не забытыя, але падтрымліваемся ўважлівым клопатам Айца. Таму, у сённяшнім Евангеллі, аж тройчы Езус запэўнівае вучняў, кажучы: “Не бойцеся!”. Не бойцеся!

Таксама і ў нашыя дні, браты і сёстры, існуе пераслед супраць хрысціян. Мы молімся за нашых братоў і сясцёр, якіх пераследуюць і славім Бога за тое, што нягледзячы на гэта, яны працягваюць з адвагай і вернасцю сведчыць аб сваёй веры. Іх прыклад дапамагае нам не вагацца ў прыняцці пазіцыі на карысць Хрыста, мужна даючы сведчанне аб Ім у штодзённых сітуацыях, нават у кантэкстах, якія здаюцца спакойнымі. Насамрэч, пэўнай формай выпрабавання можа быць таксама адсутнасць варожасці і цярпенняў. Акрамя як “авечак сярод ваўкоў”, Пан, таксама і ў наш час, пасылае нас як вартавых пасярод людзей, якія не жадаюць быць абуджанымі ад духоўнай ляноты гэтага веку, якія ігнаруюць словы евангельскай праўды, будуючы ўласныя эфімерныя праўды. І калі мы ідзем туды ці жывем там і прамаўляем словы Евангелля, гэта стварае няёмкасць і на нас глядзяць нядобра.

Але ва ўсім гэтым Пан працягвае казаць нам, як казаў вучням у свой час: “Не бойцеся!”. Не забывайце гэтых словаў: заўсёды, калі сустракаем пэўныя цярпенні, пэўны пераслед, штосьці, што выклікае пакуты, трэба чуць голас Езуса ў сэрцы: “Не бойся! Не бойся: ідзе наперад! Я з табой!”. Не бойцеся тых, хто над вамі смяецца і кепска да вас адносіцца, не бойцеся тых, хто вас ігнаруе або шануе ў твар, а за спіной змагаецца з Евангеллем. Ёсць шмат тых, хто нам усміхаецца, а за спіной вядзе барацьбу з Евангеллем. Мы ведаем іх усіх. Езус не пакідае нас у адзіноце, бо мы дарагія Яму. Таму не пакідае нас у самотнасці: кожны з нас каштоўны для Езуса, і Ён суправаджае нас.

Няхай Панна Марыя, прыклад пакорнай і мужнай лучнасці з Божым словам, дапаможа нам зразумець, што ў сведчанні веры каштоўным з’яўляецца не поспех: у сведчанні веры каштоўным з’яўляецца не поспех, а вернасць; вернасць Хрысту, прызнаючы ва ўсіх абставінах, нават самых праблематычных, бясцэнны дар быцця Яго місійнымі вучнямі”, - завяршыў Пантыфік.

Пасля марыйнай малітвы Святы Айцец выказаў спачуванні ў сувязі з трагедыяй у кітайскай правінцыі Сычуань, дзе ў выніку апоўзня пад заваламі апынулася каля 140 чалавек. Папа запэўніў у малітве за загінулых, параненых і тых, хто згубіў дах на галавой. 








All the contents on this site are copyrighted ©.