2017-06-24 14:11:00

Францішак: Святы Дух кліча на перыферыі жыцця


Вы былі заснаваныя, “каб абвяшчаць патрэбу ва ўласным уваскрасенні і падтрымліваць супольнасць у яе місіі па служэнні Божаму Валадарству”, звярнуўся папа Францішак да ўдзельнікаў Генеральнага капітула манаскай Кангрэгацыі ўваскрасення Пана нашага Езуса Хрыста, якіх прыняў 24 чэрвеня 2017 г. на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Натхнёны тэмай Капітула – “Сведкі прысутнасці Уваскрослага Пана: з супольнасці ў свет”, Пантыфік засяродзіўся на вартасці і плённасці абвяшчэння свету Добрай Навіны пра Уваскрасенне Езуса Хрыста.

На думку Святога Айца, прыкладам да наследавання ў справе сведчання пра Таго, Хто ўваскрос і жыве, павінна служыць Марыя Магдалена. “Яна шукала памерлага Езуса і знайшла Яго жывым, - нагадаў Пантыфік. - Хрыстус жывы і мае моц, каб перамагаць смерць і дараваць жыццё вечнае”. Гэтая жанчына разам з іншымі, хто прыйшоў да магілы Пана, увасабляе чалавека, які выходзіць. “Дух Святы кліча і вас, браты, ісці на перыферыі жыцця, туды, дзе ёсць асаблівая патрэба ў святле Евангелля”, - дадаў Папа.

Францішак заклікаў законнікаў не паддавацца настальгіі па мінулым, “плённым на пакліканні і велічным на ўчынкі”, каб яна не перашкаджала заўважаць жыццё, якое Пан сее навокал сёння. “Будзьце асобамі, што, рухомыя верай у Бога гісторыі і жыцця, абвяшчаюць світанне нават сярод ночы”, сузіральнікамі, здольнымі бачыць тое, што застаецца схаваным для іншых, занятых турботамі гэтага свету.

Канкрэтны спосаб сведчання аб Уваскрасенні Пана – гэта братэрскае жыццё ў супольнасці. Гаворка ідзе пра прыняцце братоў, якіх нам пасылае Бог. “Іншы чалавек – гэта дар, якім нельга ні маніпуляваць, ні пагарджаць; гэта дар, які трэба прымаць з павагай, бо праз яго, асабліва слабога і патрабуючага, адбываецца сустрэча з Хрыстом”, - запэўніў Святы Айцец.

Уваскрослы Пан адарыў сваіх наступнікаў дзвюма формамі суцяшэння: унутранай радасцю і святлом Пасхальнай таямніцы. Першая, па словах Папы, спараджае памкненне да выканання місіі, другая – узнаўляе надзею. “Адроджаныя, каб адраджаць, вызваленыя, каб вызваляць, створаныя для новага жыцця, каб ствараць яго ў тых, каго сустракаеце на шляху. Вось вашае пакліканне і місія”, - сказаў Францішак.

На заканчэнне ён пажадаў законнікам мець удзячную памяць аб мінулым, перажываць сучаснасць з любоўю да Хрыста і глядзець у будучыню з надзеяй, ведаючы, што Езус заўсёды побач і кіруе нашымі зямнымі шляхамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.