2017-06-23 11:50:00

Святы Пасад пра вяршэнства закона і прынцыпы правасуддзя


Вяршэнства закона цесна звязана з абаронай правоў чалавека. Гэта падкрэсліў арцыбіскуп Бернардзіта Ауса, кіраўнік дэлегацыі Святога Пасаду на Генеральнай асамблеі Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў, якая праходзіла ў мексіканскім Канкуне 19-21 чэрвеня 2017 г. Усе людзі маюць аднолькавую годнасць і каштоўнасць. Фундаментальнае права на жыццё павінна быць абаронена на ўсіх яго стадыях, падкрэсліў ён.

Ватыканскі дыпламат заклікаў Арганізацыю амерыканскіх дзяржаў узмоцніць намаганні па садзейнічанні ўніверсальным і неад’емным правам чалавека, інвеставаць у інтэгральнае развіццё чалавека, немагчымае без доступу да жылля, да працы, якая аплочваецца належным чынам, да ежы і пітной вады, а таксама без свабоды і духоўных даброт.

Дэлегацыя Апостальскай Сталіцы заклікала даць доступ да прававой абароны асобам, якія знаходзяцца ў хісткім становішчы, у тым ліку зняволеным, бедным, бежанцам і мігрантам, разумова адсталым, тым, хто не мае адваката або рэсурсаў, каб адстойваць свае правы. Гэтыя катэгорыі людзей, падкрэсліў арцыбіскуп Ауса, павінны быць абаронены ў рамках прававой сістэмы.

Ён падкрэсліў сувязь паміж вяршэнствам права і свабодай выказвання меркаванняў і звярнуў увагу на небяспеку з’явы затрымання і забойства журналістаў і актывістаў, якая пашыраецца і скіравана супраць правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права.

Таксама незалежнасць судовай сістэмы з’яўляецца адным з асноватворных элементаў вяршэнства права і належнай рэалізацыі правасуддзя. Тут ватыканскі дыпламат нагадаў прадстаўнікам дзяржаў словы Францішка: калі судовая сістэма карумпаваная, закон адкрывае шлях да ўлады сілы.








All the contents on this site are copyrighted ©.