2017-06-22 13:07:00

Святы Пасад у ААН пра сітуацыю ў Конга


Апостальская Сталіца выказала сваю глыбокую заклапочанасць, “улічваючы рэзкае і пастаяннае пагаршэнне становішча ў гуманітарнай сферы і ў галіне правоў чалавека ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга”. З спецыяльнай заявай на гэту тэму на 35-й сесіі Савета па правах чалавека 21 чэрвеня 2017 г. у Жэневе выступіў арцыбіскуп Іван Юркавіч. Гаворка ідзе пра напады на цывільнае насельніцтва і рэлігійныя супольнасці. 

Гэта ўсё трагічныя наступствы напружанасці, якая не была знята належным чынам, нягледзячы на ініцыятывы па прымірэнні, лічыць пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН у Жэневе. Ён заклікаў кіраўніцтва краіны прыняць неадкладныя меры: увесці ў дзеянне пагадненне аб спыненні агню; абараняць і паважаць грамадзянскіх асоб і гуманітарны персанал; садзейнічаць эфектыўным, аб’ектыўным, адкрытым і празрыстым намаганням па прымірэнні, дыялогу і мірабудаўніцтву; запэўніць непрадузятае пасярэдніцтва ў канфлікце і магчымасць маніторынгу дэмакратычных працэсаў усім групам насельніцтва; стварыць умовы, якія дазволяць бяспечнае і добраахвотнае вяртанне бежанцаў у правінцыю Касаі.

Кіраўнік дэлегацыі Апостальскай Сталіцы заклікаў удзельнікаў 35-й сесіі Савета па правах чалавека працаваць на карысць захавання і абароны правоў чалавека ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, асабліва шматлікіх дзяцей, адарваных ад сваіх сем’яў і школ, для выкарыстання ў якасці салдат. Іх трагедыя з’яўляецца заклікам да сумлення і адказнасці нацыянальных уладаў і міжнароднай супольнасці, нагадаў словы папы Францішка ватыканскі дыпламат.








All the contents on this site are copyrighted ©.