2017-06-22 15:06:00

Ватыкан заклікае да сур’ёзных і шчырых перамоў у Венесуэле


Святы Пасад кіруецца выключна інтарэсамі венесуэльцаў і садзейнічае мірнаму і дэмакратычнаму вырашэнню сітуацыі. Крызіс ў краіне можна пераадолець праз сур’ёзныя і шчырыя перамовы паміж бакамі. Аб гэтым заявіў арцыбіскуп Бернардзіта Ауса, кіраўнік ватыканскай дэлегацыі на Генеральнай асамблеі Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў, якая праходзіла ў мексіканскім Канкуне 19-21 чэрвеня 2017 г.

Іерарх нагадаў, што Папа, Святы Пасад, венесуэльскія біскупы з самага пачатку крызісу прасілі палітычныя сілы прыслухацца да голасу народа і абараняць агульнае дабро, пакласці канец насіллю і забяспечыць павагу да праўды і справядлівасці, а не рэалізаваць карыслівыя інтарэсы і ідэалогіі. Неабходна абраць шлях, які вядзе да свабодных і празрыстых выбараў, дазволіць аказанне гуманітарнай дапамогі насельніцтву, каб забяспечыць людзей прадуктамі харчавання і медыкаментамі, нагадаў ватыканскі дыпламат галоўныя палажэнні ліста кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна ад снежня 2016 г. У ім таксама гучыць заклік да вызвалення палітычных зняволеных.

Арцыбіскуп Ауса назваў няўдалым рашэнне палітычнага кіраўніцтва Венесуэлы аб скліканні Нацыянальнага ўстаноўчага сходу. Замест таго, каб дапамагчы вырашыць праблему, гэта можа ўскладніць сітуацыю і падарваць дэмакратычную будучыню краіны. Ён прапанаваў стварыць міжнародную групу з прадстаўнікоў краін рэгіёну або, магчыма, іншых кантынентаў, зацверджаную і ўрадам, і апазіцыяй, якая будзе суправаджаць перамовы ў якасці гаранта.

З пачатку красавіка ў Венесуэле працягваюцца беспарадкі, выкліканыя рашэннем Вярхоўнага суда краіны спыніць паўнамоцтвы Нацыянальнай асамблеі, у якой сфармавалася апазіцыйная да ўраду большасць. У ходзе беспарадкаў у краіне загінулі 29 чалавек, больш за 400 атрымалі раненні, сотні былі затрыманыя.








All the contents on this site are copyrighted ©.