2017-06-21 12:17:00

Францішак прызначыў старшыню Папскай акадэміі навук


Святы Айцец 21 чэрвеня 2017 г. прызначыў старшынёй Папскай акадэміі навук Ёахіма фон Браўна, прафесара эканомікі і тэхналагічных інавацый і дырэктара Навукова-даследчага цэнтра па пытаннях развіцця Бонскага ўніверсітэта.

66-гадовы навуковец паходзіць з Германіі. Яго даследаванні тычацца міжнароднага эканамічнага развіцця, эканомікі прыродных рэсурсаў, феномену беднасці, сельскагаспадарчай палітыкі, навуковых і тэхналагічных інавацый у палітыцы і міжнародным гандлі. Ён лічыцца адным з вядучых спецыялістаў па праблемах голаду і недаядання і пошуку іх вырашэння. Быў дакладчыкам на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, прымаў удзел у міжнародных канферэнцыях пад эгідай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Фон Браўн жанаты, мае трох дачок.

Папская акадэмія навук (іт. Pontificia Accademia delle Scienze) – гэта ватыканская навуковая структура, заснаваная ў 1936 г. Піем XI. Яе мэта – садзейнічаць развіццю матэматычных, фізічных, прыродазнаўчых навук у кантэксце звязаных з імі тэалагічных пытанняў.

Ёахім фон Браўн змяніў на пасадзе Вэрнэра Арбера, швейцарскага мікрабіёлага і генетыка, лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне медыцыны і фізіялогіі 1978 года, які ўзначальваў Акадэмію на працягу апошніх сямі гадоў.

Канцлерам Папскай акадэміі навук з 1998 г. з’яўляецца аргентынскі арцыбіскуп Марсэла Санчэс Саронда.








All the contents on this site are copyrighted ©.