2017-06-21 10:32:00

Генеральны рэвізор Святога Пасаду падаў у адстаўку


Генеральны рэвізор для фінансавых структур Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан Лібера Мілонэ падаў у адстаўку. Адпаведную просьбу ён прадставіў 19 чэрвеня 2017 г. Яна была прынята Пантыфікам, з пажаданнем ўсяго самага найлепшае ў будучай дзейнасці фінансавага эксперта. Святы Пасад паінфармаваў таксама, што хутка будзе распачаты працэс прызначэння новага генеральнага рэвізора.

Мілонэ заняў пасаду ў чэрвені 2015 г. Прэзначэнне стала практычна апошнім структурным крокам на шляху рэформы ватыканскай фінансавай сістэмы. 

У 2014 г. Францішак выдаў “motu proprio” пад назвай “Fidelis et Dispensator Prudens”, якім абвясціў аб заснаванні новых структур. Першай – стаў Cакратарыят па эканамічных пытаннях, пакліканы кансалідаваць існуючыя ватыканскія фінансавыя структуры і спрасціць кіраванне імі. У дакуменце была пацверджана роля Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы ў якасці ватыканскага Цэнтрабанка. Бяззменнымі засталіся фунцыі Бюро фінансавай інфармацыі, якое працягвае ажыццяўляць прудэнцыйны нагляд і рэгуляванне дзейнасці Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан.

Тым жа дакументам была ўведзена новая функцыя Генеральнага рэвізора, якога прызначае Пантыфік, і які мае паўнамоцтвы праводзіць праверкі любога органу Святога Пасаду і Ватыкана ў любы час.

Лібера Мілонэ нарадзіўся ў Гаазе ў Нідэрландах 16 ліпеня 1948 г. Ад 2008 г. належыць да “Nedcommunity” – італьянскай асацыяцыі незалежных членаў органаў кіравання і кантролю. Раней займаў розныя пасады ў кантрольных органах буйных фірм, між іншым, быў старшынёй камітэта па аўдыце фірмы “Fiat”. У 2008-2011 г.г. з’яўляўся членам Камітэта па аўдыце Харчовай Праграмы ААН.








All the contents on this site are copyrighted ©.