2017-06-20 13:06:00

Святы Айцец у Чылі і Перу з пасланнем прымірэння


Прымаючы запрашэнне адпаведных дзяржаўных уладаў і мясцовых біскупаў 15-18 студзеня 2018 г., папа Францішак здзейсніць Апостальскае падарожжа ў Чылі, дзе наведае гарады: Сант’яга, Тэмука і Ікіке, а 18-21 студзеня – у Перу, дзе яго будуць чакаць у Ліме, Пуэрта-Мальданада і Трухільё. Афіцыйнае паведамленне было апублікавана 19 чэрвеня 2017 г. Залай Друку Апостальскай Сталіцы. Праграма падарожжа будзе абвешчана пазней.

Арцыбіскуп Лімы, кардынал Хуан Луіс Сіпрыяні, падчас адмысловай прэс-канферэнцыі заўважыў, што Францішак штодзённа атрымлівае запрашэнні наведаць тую ці іншую краіну, але прыбудзе менавіта ў Чылі і Перу. “Гэта сведчыць пра вялікую прыхільнасць, якую ён мае да нашай краіны. Гаворка ідзе пра велізарную магчымасць для ўсёй перуанскай сям’і. Папа прынясе пасланне прымірэння і місійнага духа”, - сказаў іерарх.

Святы Айцец нядаўна сустракаўся з біскупамі гэтых дзвюх лацінаамерыканскіх краін. 20 лютага 2017 г. ён прымаў на аўдыенцыі ў рамках візіту “ad limina Apostolorum” епіскапат Чылі, а 15 мая 2017 г. – епіскапат Перу.

Падарожжа стане для Францішка ўжо шостым падчас яго пантыфікату, якое ён здзейсніць у Лацінскую Амерыку: у ліпені 2013 г. ён наведваў Бразілію, у ліпені 2015 г. – Эквадор, Балівію і Парагвай, у верасні 2015 г. спыняўся на Кубе, падчас свайго падарожжа ў ЗША, а ў лютым 2016 г. наведваў Мексіку. Трэба нагадаць, што ў верасні 2017 г. адбудзецца пілігрымка Святога Айца ў Калумбію. 








All the contents on this site are copyrighted ©.