2017-06-16 11:46:00

Святы Айцец: Божая сіла збаўляе ад слабасцяў і грахоў


Ніхто не можа збавіцца самастойна. Мы маем патрэбу ў Божай сіле, каб атрымаць збаўленне, адзначыў Францішак 16 чэрвеня 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У гаміліі ён спаслаўся на літургічны ўрывак з Другога паслання да Карынцянаў (2 Кар 4,7-15), у якім апостал Павел заклікае вернікаў усвядоміць, што з’яўляемся “глінай, слабымі, грэшнікамі” і без Божай сілы не можам ісці далей. 

Па словах Францішка, адной з самых складаных спраў у жыцці, з’яўляецца прызнанне ўласнай уразлівасці. Вельмі часта мы імкнемся схаваць яе, зрабіць нябачнай, незаўважнай. Мы крывадушнічаем перад сабой, калі лічым сябе не тымі, кім з’яўляемся насамрэч, калі думаем, што “не маем патрэбы ў аздараўленні” і падтрымцы, калі кажам: “Я не з гліны”, у мяне ёсць “мой уласны скарб”, лічыць Папа.

Паводле яго слоў, такое стаўленне з’яўляецца шляхам да “марнасці, высакамернасці, самадастатковасці”, пошуку збаўлення і паўнаты у саміх сябе. Але нас збаўляе Божая сіла, і гэта падкрэслівае апостал Павел, кажучы: “Уціскаюць нас, але мы не прыгнечаныя”. 

“Не прыгнечаныя, таму што Божая сіла нас збаўляе. “Мы ў разгубленасці, але не паддаёмся роспачы”. Ёсць нешта Божае ў тым, што дае нам надзею. Нас пераследуюць, але мы не пакінутыя. Знішчаюць нас, але мы не гінем. Заўсёды існуюць гэтыя адносіны паміж глінай і сілай, глінай і скарбам. Мы маем скарб у гліняных пасудзінах. Але спакуса заўсёды тая самая: хаваць, скрываць, не верыць у тое, што не з’яўляемся глінай. Гэта крывадушнасць у адносінах з самім сабой”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў заўсёды звяртацца да гэтага дыялогу паміж скарбам і глінай, быць сумленнымі перад сабой, не “адбельваць гліну”, каб адчуваць сябе мацнейшымі. Мы павінны прыняць сваю кволасць і ўразлівасць, нават калі гэта цяжка зрабіць, і тут ёсць месца для сораму, які пашырае наша сэрца і дазваляе Божай сіле ўвайсці ў яго, адзначыў ён.

“Сорам быцця глінай, а не сярэбранай ці залатой пасудзінай. Калі дойдзем да гэтага, будзем шчаслівымі. Дыялог паміж Божай сілай і глінай: падумаем пра абмыццё ног, калі Езус падышоў да Пятра, а Пётр сказаў: “Не, мне не абмывай! Пане, што Ты робіш?”. Пётр не разумеў, што быў глінай, што патрабаваў Божай сілы, каб збавіцца”, - сказаў Пантыфік.

На заканчэнне сваёй гаміліі Папа заўважыў, што толькі калі здолеем прызнаць, што з’яўляемся глінай, “надзвычайная Божая сіла прыйдзе да нас і адорыць паўнатой, збаўленнем, шчасцем і радасцю”, і так атрымаем скарб Пана. 








All the contents on this site are copyrighted ©.