2017-06-14 11:52:00

Францішак: любоў – гэта лек для чалавечага сэрца


Ніхто з нас не можа жыць без любові. Цяжкой няволяй, у якую можам трапіць, з’яўляецца меркаванне, што любоў трэба заслужыць, адзначыў папа Францішак 14 чэрвеня 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. У сваёй катэхезе ён падкрэсліў, што любоў Бога з’яўляецца крыніцай надзеі для чалавека. 

“Магчыма добрая частка трывог сучаснага чалавека паходзіць адсюль: ад веры ў тое, што калі мы не моцныя, непрывабныя ці непрыгожыя, тады ніхто не паклапоціцца пра нас. Многія людзі сёння спрабуюць быць заўважнымі толькі, каб запоўніць унутраную пустату: як бы з’яўляюцца асобамі, якія вечна патрабуюць пахвалы. Аднак, уявім сабе свет, дзе ўсе выпрошваюць прычыны, каб выклікаць увагу іншых, і ніхто не намераны бескарысліва любіць іншага чалавека? Уявіце такі свет... свет без бескарыслівай любові... Здаецца чалавечы свет, а насамрэч – гэта пекла. Многія формы самалюбавання чалавека нараджаюцца ад адчування самотнасці і сіроцтва. За такімі паводзінамі, якія здаюцца невытлумачальнымі, хаваецца пытанне: ці магчыма, каб я не заслугоўваў таго, каб мяне называлі па імені? Гэта значыць: каб мяне любілі, бо любоў заўсёды кліча па імені”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што, калі нелюбімым з’яўляецца ці адчувае сябе падлетак, ён становіцца схільным да насілля і “за шматлікімі формамі сацыяльнай нянавісці і хуліганства часта знаходзіцца сэрца, якое не атрымала прызнання”. “Не існуе кепскіх дзяцей, як не існуе цалкам злых падлеткаў, але існуюць нешчаслівыя людзі. А што яшчэ можа зрабіць нас шчаслівымі, як не досвед падараванай і прынятай любові?”, - сказаў Папа і дадаў, што першым з любоўю да чалавека выходзіць Бог.

“Бог любіць нас не таму, што ў нас ёсць нейкая прычына, якая выклікае любоў. Бог любіць нас, бо Ён сам ёсць любоўю, а любоў, па сваёй прыродзе, імкнецца да пашырэння, да дару. Бог нават не звязвае сваёй добразычлівасці з нашым навяртаннем: гэта, хіба што, наступства Божай любові. Св. Павел выразна кажа пра гэта: “Бог даказвае сваю любоў да нас тым, што Хрыстус памёр за нас, калі мы былі яшчэ грэшнікамі” (Рым 5,8). Калі мы былі яшчэ грэшнікамі. Гэта безумоўная любоў. Мы былі “далёкімі”, як блудны сын з прыпавесці: “А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся” (Лк 15,20). З любові да нас Бог здзейніў зыход з самога сябе, каб прыйсці да нас на гэту зямлю, куды Яму не было сэнсу прыходзіць. Бог нас любіў нават калі мы яшчэ трывалі ў памылках”, - заўважыў Пантыфік.

Папа перакананы, што Бог любіць людзей, як бацька і маці любяць сваіх дзяцей. Ён нагадаў, што маці працягваюць любіць сваіх сыноў нават калі тыя знаходзяцца ў турме. “Маці не просіць адмяніць чалавечую справядлівасць, бо кожная памылка патрабуе адкуплення, але маці ніколі не перастае пакутаваць за свайго сына. Любіць яго, нават калі ён грэшнік. Бог паступае з намі так жа”, - сказаў Пантыфік і дадаў, што “у вачах Бога мы заўсёды з’яўляемся маленькімі фантаньчыкамі, зробленымі, каб струменіцца добрай вадой”. 

“Які лек неабходны, каб змяніць сэрца нешчаслівай асобы? (...)Трэба перш за ўсё абняць яе. Дазволіць ёй адчуць сябе патрэбнай, важнай, і яна перастане быць сумнай. Любоў выклікае любоў, мацней чым нянавісць выклікае смерць. Езус не памёр і ўваскрос дзеля самога сябе, але дзеля нас, каб нашы грахі былі прабачаны. Такім чынам, гэта час уваскрасення для ўсіх: гэта час, каб вызваліць бедных з роспачы, асабліва тых, якія ляжаць у магіле даўжэй за тры дні. Няхай тут завее, на нашых тварах, вецер вызвалення! Няхай тут расквітнее дар надзеі, а надзеяй з’яўляецца Бог Айцец, які любіць нас такімі, якімі мы ёсць. Любіць нас заўсёды, добрых і злых!”, - сказаў Святы Айцец.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Папа прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра пілігрымаў з розных частак свету і ўдзяліў ім сваё благаслаўленне. 








All the contents on this site are copyrighted ©.