2017-06-11 14:43:00

Cвяты Айцец прывітаў пілігрымку ў Ларэта


Францішак прывітаў удзельнікаў пешай пілігрымкі з італьянскага горада Мачэрата ў марыйны санктуарый у Ларэта. Працягласць маршруту складае каля 30 кіламетраў. Па традыцыі вернікі праходзяць гэты шлях за адну ноч. Сёлета ў пілігрымцы ўдзельнічала каля 20 тыс. чалавек.

Перад выйсцем, вечарам 10 чэрвеня 2017 г., яны сабраліся на гарадскім стадыёне ў Мачэраце. Святы Айцец звярнуўся да іх з дапамогай тэлефоннай сувязі. Спасылаючыся на дэвіз пілігрымкі, якім сталі словы Езуса, скіраваныя да апостала Пятра: “Ці любіш ты Мяне?” (Ян 21,15), Пантыфік заклікаў вернікаў паразважаць, што б адказалі яны на гэтае пытанне Пана. Францішак параіў пілігрымам спытаць таксама ў Бога: “Ці любіш Ты мяне?” і на працягу ночы пілігрымавання пачуць Яго адказ ў сваім сэрцы.

Ларэта з’яўляецца адным з самых знакамітых італьянскіх санктуарыяў. Лічыцца, што менавіта там захоўваецца дом, у якім жыла і сустрэлася з арханёлам Габрыэлем Найсвяцейшая Панна Марыя. Начная пілігрымка з Мачэраты адбылася сюды ўжо ў 39 раз.








All the contents on this site are copyrighted ©.