2017-06-09 11:36:00

Кардынал: у мусульманскіх краінах жанчын проста не бачна


У Ватыкане 9 чэрвеня 2017 г. завяршаецца трохдзённае пленарнае пасяджэнне Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу. У цэнтры сустрэчы была роля жанчын у мультыкультурным грамадстве, у выхаванні да ўсеагульнага братэрства. Як прызнаўся старшыня дыкастэрыі, кардынал Жан Луі Таран, да выбару тэмы прычыніўся негатыўны досвед з мусульманскіх краін.

“Калі прыязджаеш у арабскія краіны, у краіны з мусульманскай традыцыяй, можна заўважыць, што ў паўсядзённым жыцці няма жанчын. Іх проста не бачна. Гэта азначае, што яны застаюцца ў сваіх сем’ях, аказваюць вялікі ўплыў на выхаванне дзяцей, фарміраванне іх веры і культуры. Адсюль іх велізарная роля ў сучасным свеце і яго будучыні”, - заўважыў ватыканскі іерарх. 

Ён звярнуў увагу і на іншы бок гэтай з’явы: “Існуе шмат краін, дзе не лічацца з годнасцю жанчын. Таму мы павінны імкнуцца да належнай ацэнкі ролі жанчын у выхаванні да ўсеагульнага братэрства. Таму што там, дзе жанчыны вольныя і надзеленыя магчымасцю ўносіць адпаведны ўклад, жыццё грамадства значна больш гарманічнае”. 

Кардынал Таран, у каментары для Ватыканскага радыё таксама нагадаў, што ў хрысціянстве, з пункту гледжання годнасці, няма ніякай розніцы паміж мужчынам і жанчынай”. Яны валодаюць ёй у роўнай ступені.








All the contents on this site are copyrighted ©.