Францішак благаслаўвіў алтар, перад якім будуць адбывацца спецыяльныя малітвы ў інтэнцыі міру. Гэта адбылося 7 чэрвеня 2017 г. перад агульнай аўдыенцыяй у Ватыкане. Алтар будзе размешчаны ў санктуарыі ў Нам’янгу, у Паўднёвай Карэі, у рамках ініцыятывы “Дванаццаць зорак на кароне Марыі Каралевы Супакою”, якую рэалізуе асацыяцыя “Супольнасць Каралевы Супакою” (Communita Regina della Pace), з польскага Радама.
Праект прадугледжвае стварэнне цэнтраў эўхарыстычнай адарацыі і няспыннай малітвы за мір у самых неспакойных кропках свету. Плануецца, што іх будзе дванаццаць, па колькасці зорак на кароне Маці Божай.
“Па іх просьбе, я благаславіў сёння алтар “Adoratio Domini in unitate et paсe”, прызначаны для санктуарыя Маці Божай Ружанцовай у Нам’янгу, у Паўднёвай Карэі. На працягу чэрвеня, прысвечанага ўшанаванню Найсвяцейшага Сэрца Езуса, няхай не будзе недахопу ў паўсюднай малітве за мір”, - пажадаў Папа.
“Супольнасць Каралевы Супакою” была заснавана ў 2008 г. у Радаме, у Польшчы. Па яе ініцыятыве ўжо былі створаны чатыры месцы адарыцыі і малітвы ў інтэнцыі міру: у Іерусаліме (Ізраіль), Меджугор’і (Боснія і Герцагавіна), Азёрным (Казахстан) і Ямусукры (Кот-д’Івуар). У бліжэйшы час падобныя месцы з’явяцца ў Руандзе, Паўднёвай Карэі і на Філіпінах. Малітоўная ініцыятыва падтрымліваецца Канферэнцыяй Біскупаў Польшчы.
All the contents on this site are copyrighted ©. |