Сярод мігрантаў, якія прыбываюць на італьянскі востраў Лампедуза, вельмі запатабраванымі з’яўляюцца не толькі рэчы першай неабходнасці, але таксама Святое Пісанне. Паводле турынскага “Цэнтра даслеванняў новых рэлігій” (Сensur) большасць з гэтых людзей – хрысціяне, паведамляе ватыканская “L’Osservatore Romano”.
“Як вядома наш востраў здаўна з’яўляецца скрыжаваннем міграцыі народаў, і асабліва на працягу апошніх гадоў ён стаў прытулкам для многіх нашых братоў, якія ўцякаюць ад войнаў, пераследу і голаду. Сярод гэтых мігрантаў многія – хрысціяне. У ліку іх галоўных запытаў, акрамя рэчаў першай неабходнасці, таксама Святое Пісанне”, - распавёў кс. Кармэла Ла Магра, пробашч мясцовай каталіцкай парафіі.
Святар звярнуўся з заклікам, дапамагчы забяспечыць Бібліямі мігрантаў, якія прыбываюць на Лампедузу. Паводле яго, гэтыя людзі патрабуюць не толькі ежы і дапамогі, але і маюць голад Божага слова і братэрства. На просьбу адгукнуліся многія італьянскія каталіцкія дыяцэзіі, пратэстанскія супольнасці і біблійныя таварыствы, якія даставілі на востраў каля 1700 асобнікаў Святога Пісання на англійскай і французскай мовах.
Яшчэ напрыканцы красавіка папа Францішак атрымаў у дар кнігу “Новага Запавету і Псальмаў” на англійскай мове, якая была знойдзена на дне мігранцкай лодкі. Святы Айцец быў вельмі ўзрушаны гэтым дарам. Біблія была ў добрым стане. Яе ўладальнік падкрэсліваў некаторыя фрагменты, у прыватнасці словы з Псальма 55 – споведзь чалавека, які пакутуе ад пераследу.
All the contents on this site are copyrighted ©. |