2017-06-07 13:12:00

Святы Пасад на “EXPO 2017” у Казахстане


Высокі прадстаўнік Святога Пасаду прыме ўдзел у адкрыцці выставы “EXPO 2017”. 8-11 чэрвеня 2017 г. кардынал Пітэр Тарксан, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека будзе знаходзіцца ў Астане, якая прымае сусветнае мерапрыемства на тэму: “Энергія будучыні”.

Святы Пасад, які ўдзельнічае ў такога роду форумах з 1851 г., будзе мець у сталіцы Казахстану свой павільён пад назвай: “Энергія для агульнага дабра – клопат пра наш агульны дом”, у стварэнні якога прымаў удзел і мясцовы Касцёл. Галоўная тэма – гэта энергія будучыні, як магчымасць для развіцця чалавека і для паляпшэння адносін да планеты праз справядлівае і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, гаворыцца ў спецыяльнай заяве Дыкастэрыі.

Павільён Святога Пасаду прапануе наведвальнікам візуальнае, мастацкае, культурнае і духоўнае падарожжа, якое раскрывае чатыры тэмы: любоў Бога як крыніца стварэння чалавека і зямлі; энергія ў якасці інструмента, змешчанага ў руках чалавека і не заўсёды правільна выкарыстанага; энергія на службе інтэгральнаму развіццю чалавека і клопату пра планету; сіла духоўнасці, з асаблівым акцэнтам на малітву, у пошуках сэнсу і міжрэлігійнага дыялогу.

Адкрыццё “EXPO 2017” пройдзе 9 чэрвеня, павільён Святога Пасады адчыніць свае дзверы на наступны дзень раніцай. Кардынала Тарксана будуць суправаджаць арцыбіскуп Фрэнсіс Чулікат, апостальскі нунцый у Казахстане, Кыргызстане і Таджыкістане, а таксама прадстаўнікі мясцовага Касцёла. Нацыянальны Дзень Святога Пасаду запланаваны на 2 верасня.








All the contents on this site are copyrighted ©.