2017-06-07 11:57:00

Папа падчас агульнай аўдыенцыі: Бог не можа без чалавека


Бог не можа без чалавека, – упэўненасць у гэтым з’яўляецца крыніцай хрысціянскай надзеі, якая заключана ў малітве “Ойча наш”, падкрэсліў папа Францішак 7 чэрвеня 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. 

Пантыфік заўважыў, што ў малітве Езуса было штосьці настолькі прывабнае, што вучні прасілі, каб Ён навучыў маліцца і іх. Яны былі глыбока ўражаны тым фактам, што Хрыстус, асабліва раніцай і вечарам, адасабляўся і “заглыбляўся” ў малітву. Тады Езус навучыў іх малітве “Ойча наш”. У Евангеллі паводле Лукі, яна перадаецца ў крыху скарочанай форме і пачынаецца простым зваротам: “Ойча”, заўважыў Папа.

“На самой справе зварот да Бога па імені – “Айцец”, гэта не штосьці само па сабе зразумелае. Мы схільныя ўжываць больш узнёслыя тытулы, якія нам здаюцца больш паважлівымі да Яго трансцэндэнтнасці. Але магчымасць называць Яго “Айцом” уводзіць нас у даверлівыя адносіны з Ім, на падабенства дзіцяці, якое звяртаецца да свайго таты, ведаючы, што Ён яго любіць і клапоціцца пра яго. Гэта вялікая рэвалюцыя, якую хрысціянства здзейсніла ў рэлігійнай псіхалогіі чалавека. Таямніца Бога, Які заўсёды нас уражвае і дазваляе адчуць сябе малымі, не палохае, не прыгнятае, не падаўляе. Гэту рэвалюцыю цяжка прыняць ў нашу чалавечую душу. Так цяжка, што нават у апавяданнях пра ўваскрасенне гаворыцца, што жанчыны, пасля таго як убачылі пустую магілу і анёла, “пабеглі... бо ахапіў іх страх і здзіўленне” (Мк 18,8). Але Езус адкрыў нам, што Бог – гэта добры Айцец, і кажа нам: “Не бойцеся!”, - адзначыў Пантыфік.

Францішак спаслаўся на евангельскую прыпавесць пра міласэрнага айца (Лк 15,11-32), у якой гаворка вядзецца пра бацьку, які не толькі не карае свайго сына за высакамернасць, але аддае яму частку спадчыны і дазваляе пакінуць бацькоўскі дом.

“Езус кажа, што Бог – гэта Айцец, але не ў чалавечым разуменні, бо няма ніводнага бацькі ў гэтым свеце, які б павёў сябе як галоўны герой гэтай прыпавесці. Бог – гэта Айцец у Яго разуменні: добры, безабаронны перад свабоднай воляй чалавека, здольны толькі спрагаць дзеяслоў “любіць”. Калі ўзбунтаваны сын, пасля таго як растраціў усё, нарэшце вярнуўся ў родны дом, гэты бацька не звяртаўся да крытэрыяў чалавечай справядлівасці, але адчуў, перш за ўсё, патрэбу ў прабачэнні, і сваімі абдымкамі даў зразумець сыну, што на працягу ўсяго гэтага доўгага перыяду яго адсутнасці, яго не хапала яму, пакутліва не хапала яго бацькоўскай любові”, - падкрэсліў Папа.

Паводле Францішка, перад абліччам гэтай неспасцігальнай таямніцы апостал Павел адчуў сябе няздольным перакласці на грэчаскую мову слова, якое Езус прамовіў на арамейскай: “Абба”, і якое некаторыя перакладаюць як “тата, татуля”.

“Дарагія браты і сёстры, мы ніколі не знаходзімся ў адзіноце. Мы можам аддаліцца, можам быць варожа настроенымі, можам нават называць сябе “бязбожнікамі”, але Евангелле Езуса Хрыста паказвае нам, што Бог не можа без нас: Ён ніколі не будзе Богам “без чалавека”. (...) Гэта ўпэўненасць з’яўляецца крыніцай нашай надзеі, што заключана ва ўсіх закліках малітвы “Ойча наш”. Калі маем патрэбу ў дапамозе, Езус не кажа нам губляць надзею і закрывацца ў сабе, але звяртацца да Айца і прасіць Яго з даверам. Усе нашы патрэбы, ад самых відавочных і штодзённых, такіх як патрэба ў ежы, здароўі, працы, аж да атрымання прабачэння і падтрымкі ў спакусах, не з’яўляюцца адлюстраваннем нашай самотнасці: ёсць Айцец, Які заўсёды глядзіць на нас з любоў, і Які нас не пакіне дакладна”, - сказаў Францішак.  

На заканчэнне сваёй катэхезы Папа заклікаў вернікаў з надзеяй даверыць свае патрэбы і цяжкасці Нябеснаму Айцу. 








All the contents on this site are copyrighted ©.