2017-06-05 13:01:00

Пантыфік напісаў ліст на развітанне з кардыналам Гузарам


Францішак напісаў спецыяльны ліст на імя кіраўніка Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, архіепіскапа Святаслава Шаўчука, у якім яшчэ раз выказаў свае спачуванні ў сувязі са смерцю кардынала Любаміра Гузара. У ёй Пантыфік выказаў жаданне быць сярод тых, хто моліцца ў гэтыя дні за спачылага іерарха, былога кіраўніка украінскіх грэка-католікаў.

Папа адзначыў, што надзвычайная колькасць людзей, якія ў апошнія дні прыйшлі развітацца з памерлым, з’яўляецца красамоўнай прыкметай таго, што ён быў у апошнія дзесяцігоддзі адным з самых высокіх маральных аўтарытэтаў для ўкраінскага народа. Францішак назваў кардынала Гузара сапраўдным “айцом і духоўным настаўнікам”.

Ён узгадаў гады адражэння, калі спачылы іерарх стаяў на чале Царквы, што выйшла з “катакомбаў” пасля доўгіх часоў пераследу. Ён паспрыяў вяртанню царкоўных структур і дзяліўся “радасцю сваёй уласнай гісторыі, заснаванай на веры, якая прайшла праз пакуты і па-над імі”.

Францішак лічыць, што “пасля руплівага і інтэнсіўнага перыяду служэння кардынала Гузара ў якасці “айца і кіраўніка” Грэка-Каталіцкай Царквы, з надыходам сталага ўзросту і хваробы, яго прысутнасць сярод народа змяніла свой стыль” і стала “больш інтэнсіўнай і багатай”. Ён рэгулярна ўдзельнічаў у жыцці краіны ў якасці “настаўніка мудрасці”: “яго мова была простай, зразумелай усім, але вельмі глыбокай”, яе падставай “была мудрасць Евангелля”, яна была хлебам Божага Слова, адламаным для людзей простых, пакутуючых, для ўсіх тых, хто шукаў годнасці”, “салодкай, але і вельмі патрабавальнай”. Ён маліўся няспынна, адчуваючы, што гэта яго новы абавязак, суцяшаў веруючых і няверуючых, не гледзячы на канфесійныя адрозненні. “Усе адчувалі, што гэта мова хрысціяніна, украінца, захопленага сваёй тоеснасцю, заўсёды поўнага надзеі, адкрытага для будучага з Богам”, - напісаў Святы Айцец.

Сёння ва Украіне многія ўпэўнены, што спачылы іерарх ужо знаходзіцца ў абдымках Нябеснага Айца, заўважыў Францішак. Ён упэўнены, што кардынал Гузар застанецца для ўсіх прыкладам жыцця ў надзеі, і на нябёсах будзе “абараняць свой народ, які да гэтага часу пакутуе ад насілля і адсутнасці бяспекі”. Пантыфік заклікаў украінцаў быць вернымі навучанню іерарха і браць прыклад з яго поўнага даверу да Божага Провіду.








All the contents on this site are copyrighted ©.