2017-06-04 15:35:00

Святы Айцец скіраваў пасланне на Сусветны дзень місій


“Гэты дзень заклікае нас пераасэнсаваць місію, якая ляжыць у цэнтры хрысціянскай веры. Паколькі Касцёл з’яўляецца місійным па самой сваёй прыродзе”, - заўважыў Францішак, маючы на ўвазе Сусветны дзень місій. 4 чэрвеня 2017 г. у Ватыкане было апублікавана адмысловае папскае пасланне, прымеркаванае да яго. 

Пантыфік лічыць, што кожны вернік павінен задаць сабе некалькі пытанняў, якія тычацца яго хрысціянскай тоеснасці і абавязкаў ў свеце, што жыве ілюзіямі, паранены вялікімі расчараваннямі і шматлікімі братазабойчымі войнамі: у чым аснова і сутнасць місій, якім павінна быць стаўленне да іх?

Місія Касцёла, звернутая да ўсіх людзей добрай волі, заснавана на пераўтваральнай сіле Евангелля, запрашэнні пайсці за Хрыстом, нагадаў Папа. На гэтым шляху Бог Айцец жадае экзістэнцыяльнага пераўтварэння сваіх сыноў і дачок. Толькі ў такім выпадку абвяшчэнне Евангелля стане жывым і плённым словам.

Місія Касцёла не палягае на распаўсюджванні нейкай рэлігійнай ідэалогіі ці прапанове ўзнёслай этыкі. Праз місію Касцёла сам Хрыстус па-ранейшаму абвяшчае Евангелле, застаецца ўсцяж сучасным, бо яго уваскрасенне не належыць да мінулага. Таму, быць хрысціянінам – гэта не этычны выбар ці ўзнёслая ідэя, але сустрэча з падзеяй, з Асобай, якая дае жыццю новыя гарызонты і вырашальны напрамак. Свет мае патрэбу, перш за ўсё, у Евангеллі Езуса Хрыста. Праз Касцёл Ён працягвае сваю місію Міласэрнага Самараніна, загойваючы крывацечныя раны чалавецтва, і місію Добрага Пастыра, пастаянна шукаючы тых, хто згубіўся на заблытаных дарогах, якія вядуць у нікуды. 

Місія Касцёла сілкуецца духоўнасцю пастаяннага зыходу з камфорту і імкнення на перыферыі, якія маюць патрэбу ў святле Евангелля, пастаяннага паломніцтва праз розныя пустыні жыцця, праз досвед голаду і смагі праўды і справядлівасць. Місія Касцёла натхняе досвед бесперапыннага выгнання ў накірунку канчатковай Айчыны, размешчанай паміж “ужо” і “яшчэ не” – Валадарства Нябеснага. Місія кажа Касцёлу, што ён з’яўляецца не самамэтай, а сціплым інструментам і пасрэднікам Валадарства. Касцёл, які займаецца самалюбаваннем па прычыне марных поспехаў, не з’яўляецца Хрыстовым, заўважыў Пантыфік у сваім пасланні.

Маладыя людзі з’яўляюцца надзеяй місій, лічыць ён, паколькі менавіта моладзь шукае шляхі, на якіх можна рэалізаваць мужнасць, і мае парывы сэрца для служэння чалавецтву. Але ў Папскія місійныя ініцыятывы павінны быць уключаны ўсе: дзеці, падлеткі, дарослыя, сем’і, святары і біскупы. Францішак заклікаў весці місіі, чэрпаючы натхненне ад Марыі, Маці евангелізацыі.

4 чэрвеня 2017 г., падчас свайго кароткага разважання перад малітвай “Regina Caeli”, Папа нагадаў тэму Сусветнага дня місій: “Місія ў цэнтры хрысціянскай веры”, – і пажадаў, каб Святы Дух падтрымліваў місію Касцёла і даў сілы шматлікім місіянерам Евангелля, падтрымліваў мір ва ўсім свеце, лячыў раны вайны і тэрарызму. Францішак з жалем заўважыў, што чарговы тэракт адбыўся гэтай ноччу ў Лондане, ахвярамі якога сталі нявінныя мірных жыхары, і папрасіў аб малітве за іх і іх сем’і.

91-ы Сусветны дзень місій будзе адзначацца ў 2017 г. 22 кастрычніка.








All the contents on this site are copyrighted ©.