2017-06-02 15:14:00

Пантыфік да моладзі: змяняйце свет праз перамену сэрца


Свет можна змяніць, адкрываючы сэрца на іншых людзей, падкрэсліў Пантыфік падчас сустрэчы з дзецьмі і моладдзю – удзельнікамі італьянскіх адукацыйных праектаў “Graal” і “І Cavalieri”. Аўдыенцыя адбылася 2 чэрвеня 2017 г. у Ватыкане. Падчас яе Святы Айцец, ва ўласцівай яму манеры спантаннага дыялогу, адказаў на тры пытанні, якія былі да яго скіраваны.

Першае задала дзяўчынка, якая падзялілася сваімі перажываннямі ў сувязі са зменай месца вучобы. Паводле Папы, усё жыццё з’яўляецца пастаянным “дзень добры” і “да пабачэння”. Ён падкрэсліў, што варта вучыцца добраму развітанню, каб умець сустракаць новых людзей. Не трэба “прывязвацца да канапы”, баючыся пераменаў, а заўсёды выходзіць у напрамку новых перспектыў.

Адказваючы на пытанне аб тым, як можна змяніць свет, Францішак падкрэсліў, што для гэтага не існуе “чароўнай палачкі”. Сапраўдным рухавіком перамен з’яўляецца чалавечае сэрца. Важна ўмець слухаць іншых, прымаць іх і дзяліцца з імі. “І вы можаце рабіць гэта”, - сказаў Папа. Ён заклікаў сваіх слухачоў ніколі не пляткарыць аб аднакласніках за іх спіной, нават калі нешта не падабаецца: “Не падабаецца, не кажу нічога”, - параіў Пантыфік. Важна рабіць маленькія штодзённыя жэсты, будаваць братэрства, не адказваць злом на зло, не абражаць. Свет можна змяніць дзякуючы малітве за ворагаў, да якой заклікаў Езус, нагадаў Святы Айцец.

Яшчэ адно пытанне тычылася прычынаў існавання зла ў свеце і пакут дзяцей. Францішак прызнаўся, што нельга знайсці рацыянальнага тлумачэння гэтаму па прынцыпу тэарэмы. Перад абліччам пакут варта глядзець на ўкрыжаванага Хрыста, бо “калі Бог дазволіў, каб Яго Сын пакутаваў за нас, тут павінна быць штосьці, што мае сэнс”.








All the contents on this site are copyrighted ©.