2017-06-01 15:14:00

Папа пра памерлага кардынала Гузара: верны і дбайны пастыр


Святы Айцец скіраваў спачуванні ў сувязі з смерцю кардынала Любаміра Гузара, Вярхоўнага архіепіскапа Кіева-Галіцкага на пенсіі, былога прадстаяцеля Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Іерарх адышоў у вечнасць 31 мая 2017 г. на 85-годзе жыцця.

Францішак запэўніў у сваіх малітвах аб вечным супакоі для гэтага дбайнага пастыра. “Духоўна злучаюся з вернікамі епархіяльнай супольнасці, у якой ён здзяйсняў сваё пастырскае служэнне, рупліва спрыяючы адраджэнню Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Памятаю яго моцную вернасць Хрысту, нягледзячы на ганенні і пераслед Царквы, яго плённую апостальскую дзейнасць для з’яднання грэка-каталіцкіх вернікаў, нашчадкаў прымусова выселеных з Заходняй Украіны сем’яў, а таксама высілкі ў пошуку новых шляхоў дыялогу і супрацоўніцтва з Праваслаўнымі Цэрквамі”, - напісаў Папа.

Кардынал Любамір Гузар нарадзіўся 26 лютага 1933 г. у Львове. Ратуючыся ад антырэлігійнага пераследу ў савецкія часы яго сям’я эмігравала ў Аўстрыю, дзе будучы іерарх атрамаў першапачатковую адукацыю. Працягнуў вучобу ў Вашынгтоне і Рыме, дзе атрымаў доктарскую ступень у галіне тэалогіі і займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. У 1958 г. стаў святаром, а ў 1977 г. прыняў біскупскае пасвячэнне. У 1993 г. вярнуўся ва Украіну. У 2001 г. быў выбраны Вярхоўным архіепіскапам Львоўскім і прадстаяцелем Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, пазней атрымаў кардынальскую годнасць. Ён кіраваў украінскімі грэка-католікамі да 2011 г., калі сышоў у адстаўку.








All the contents on this site are copyrighted ©.