2017-06-01 13:04:00

Папа пажадаў ахрышчаным браць прыклад са св. Паўла


Вучыцца ад св. Паўла, заклікаў Францішак. Стараннасць у абвяшчэнні Хрыста і Яго Евангелля, нястомнасць у перамаганні пераследу і спакус, вернасць у малітве – вось галоўныя рысы апостала, якія варта пераймаць сённяшнім хрысціянам. 1 чэрвеня 2017 г. Папа ўзначаліў ранішнюю Эўхарыстыю ў капліцы Дому св. Марты.

Святы Айцец спаслаўся на дыялог Паўла з Вялікай радай першасвятароў (Дз 22, 30; 23, 6-11) і адзначыў, што жыццё Апостала Народаў заўсёды было поўнае дынамізму. Яго паглынаў унутраны агонь, апостальская стараннасць, ён ніколі не ўцякаў ад праблем. Менавіта гэта справакавала пераслед з боку кніжнікаў.

“Гэтыя людзі былі захавальнікамі закона, захавальнікамі дактрыны Божага народа, ахоўнікамі веры, але некаторыя верылі ў адно, а іншыя ў другое. Гэтыя людзі страцілі закон, вучэнне, страцілі сваю веру, таму што ператварылі ўсё ў ідэалогію”, - адзначыў Папа, спасылаючыся на словы Святога Пісання пра рознасць поглядаў садукеяў і фарысеяў: адны казалі, што няма ўваскрашэння, ні анёла, ні духа, а іншыя прызнавалі адно і другое.

“Сілай Паўла была сустрэча з Панам, якая адбывалася на малітве, як і першая сустрэча па дарозе ў Дамаск, калі ішоў пераследваць хрысціян. Павел, гэта чалавек, які сустрэў Пана, і не забываўся пра гэта. Ён дазваляе, каб Пан сустрэў яго і сам шукае Пана, каб сустрэцца з Ім. Ён з’яўляецца чалавекам малітвы”, - заўважыў Францішак.

“Няхай Пан дасць усім нам, ахрышчаным ласку пераймання гэтых трох рысаў у нашым хрысціянскім жыцці”, - пажадаў Папа, завяршаючы сваю гамілію.








All the contents on this site are copyrighted ©.