2017-05-31 15:12:00

У Ватыкане размаўляюць пра сакрамэнт споведзі


Святы Айцец заклікае не да нейкага новага вучэння, а да “навяртання” да Евангелля, каб зразумець сапраўдны сэнс рэчаіснасці, падкрэсліў 31 мая 2017 г. арцыбіскуп Фларэнцыі, кардынал Джузэпэ Бэторы, падчас пленарнага пасяджэння Кангрэгацыі па справах Духавенства. Форум праходзіць у Ватыкане і прысвечаны сакрамэнту паяднання ў вучэнні папы Францішка.

У сваім спецыяльным дакладзе на тэму пленарнай асамблеі, іерарх нагадаў, што ключавым для цяперашняга пантыфікату з’яўляецца слова “міласэрнасць”. Важна памятаць, што пакуль асабіста не сустрэнешся з досведам міласэрнасці не можаш “выліваць” яе на іншых, не можаш быць міласэрным да самаго сябе, заўважыў італьянскі іерарх.

Не пастыр з’яўляецца суб’ектам прымірэння, а сам Бог, нагадаў ён. “Падкрэсліваць першаснасць дзейнасці Хрыста і дару Святога Духа, значыць праліваць свет на тое, што Яны сапраўдныя галоўныя дзеючыя асобы прымірэння: прабачэнне грахоў, гэта не вынік асабістых высілкаў, а ўмяшанне Бога ў гісторыю кожнага чалавека. Такім чынам, прымірэнне – гэта трынітарная падзея, якая нараджае міжчалавечую дынаміку, унутр якой кожны грэшнік можа ўвайсці ў момант, калі просіць аб ім”, - сказаў арцыбіскуп Фларэнцыі.

Паводле яго, прымірэнне, нягледзячы на тое, што тычыцца ўнутранага жыцця чалавека, мае таксама касцёльнае вымярэнне. Таму не дастаткова прасіць прабачэння ў Бога толькі ва ўласным сэрцы, бо Касцёл з’яўляецца тым жыццядайным кантэкстам, у якім матэрыялізуецца прыміральная прысутнасць Святога Духа сярод людзей.

Кардынал Бэторы нагадаў, што Францішак заклікае пастыраў мець спагаду, якую меў да людзей Хрыстус, блізкасць, адкрытасць, цярплівасць, імкненне і здольнасць вяртаць іх у супольнасць Касцёла. Гэта ўсё, на думку галоўнага дакладчыка пленарнага пасяджэння Кангрэгацыі па справах Духавенства, нараджаецца ад усведамлення святаром уласнай грахоўнасці і атрыманага ад Бога прабачэння.








All the contents on this site are copyrighted ©.