2017-05-30 15:28:00

Святы Айцец сустрэўся з албанскім епіскапатам


Адзінства ў епіскапаце, душпастырства сем’яў і клопат аб бедных – гэта асноўныя тэмы, якія абмяркоўваліся падчас сустрэчы Францішка з членамі Канферэнцыі Біскупаў Албаніі. Папа прыняў іх на аўдыенцыі ў Ватыкане 30 мая 2017 г. у рамках візіту “ad limina Apostolorum”.

Святы Айцец адзначыў, што Каталіцкі Касцёл у Албаніі з’яўляецца вельмі актыўным, нягледзячы на беднасць і пераслед, якому падвяргаўся ў часы камуністычнай дыктатуры, распавёў старшыня епіскапату гэтай краіны, арцыбіскуп Анджэла Масафра. Паводле яго, Папа заклікаў албанскіх католікаў, быць сведкамі Евангелля на падабенства сваіх мучанікаў.

Пантыфік пажадаў, каб у Албаніі развівалася душпастырства пакліканняў, праз прыклад сапраўднага хрысціянскага жыцця, адзінства, спакою і радасці.

Гаворка ішла таксама пра важнасць міжрэлігійнага дыялогу. Біскупы распавялі Францішку пра зварот, які разам з прадстаўнікамі іншых рэлігійных груп скіравалі да ўладаў, адносна забеспячэння парадку, атмасферы супрацоўніцтва і дыялогу на маючых адбыцца ў бліжэйшы час выбарах.

Папа Францішак наведаў Албанію ў верасні 2014 г. Гэта краіна стала першай на еўрапейскім кантыненце, куды ён здзейсніў візіт. У лістападзе 2016 г. тут былі беатыфікаваны 38 мучанікаў камуністычнага рэжыма. Падчас кансісторыя, які прайшоў праз некалькі дзён пасля гэтай падзеі, Святы Айцец надаў кардынальскую годнасць албанскаму святару кс. Эрнэсту Сімані, які за вернасць Хрысту правёў у турме 28 гадоў. 








All the contents on this site are copyrighted ©.