2017-05-30 13:23:00

Сёлета не будзе папскага візіту ў Паўднёвы Судан


У 2017 г. не будзе магчымасці рэалізаваць планы папскага візіту ў Паўднёвы Судан, паведаміў кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду Грэг Бёрк. 

Аб сваім жаданні здзейсніць кароткі візіт у Паўднёвы Судан, краіну, дзе па дадзеных ААН, у цяперашні час галадаюць каля 100 тыс. чалавек, Францішак паведаміў у канцы лютага 2017 г., падчас прабывання ў англіканскім храме Усіх Святых у Рыме. Прычым ён прызнаўся, што вывучае магчымасць зрабіць гэта сумесна з прадстаўнікамі Англіканскай Царквы.

“Я вывучаю, мае супрацоўнікі вывучаюць магчымасць падарожжа ў Паўднёвы Судан. Чаму? Таму што прыйшлі англіканскі, прэсвітэрыянскі і каталіцкі біскупы, каб сказаць мне: “Калі ласка, прыязджайце ў Паўднёвы Судан, хоць бы на адзін дзень, але прыязджайце не адзін, а разам з Архіепіскапам Кентэрберыйскім Джасцінам Уэлбі”. Гэта прыйшло з боку іх маладога Касцёла, і мы думаем над гэтым”, - сказаў тады Францішак. Падчас гутаркі з англіканскімі святарамі і вернікамі ён падкрэсліў, што сітуацыя ў Паўднёвым Судане вельмі цяжкая, але “яны хочуць міру, і мы разам працуем для міру”.

Нядаўна каталіцкі арцыбіскуп Джубы Паўліна Лукуду Лора сказаў, што гуманітарная сітуацыя ў краіне застаецца драматычнай у сувязі з доўгай і кровапралітнай грамадзянскай вайной. 

Першапачаткова сумесны візіт Папы і Архіепіскапа Кентэрберыйскага планаваўся на кастрычнік.








All the contents on this site are copyrighted ©.