2017-05-29 12:49:00

Папа: без Святога Духа вера становіцца ідэалогіяй


Дазволіць Святому Духу ўзрушыць сябе і навучыцца слухаць Яго, перш чым прымаць рашэнні, заклікаў Францішак 29 мая 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У гаміліі Папа спаслаўся на літургічнае чынанне з Дзеяў Апосталаў (Дз 19,1-8), у якім апавядаецца пра падзею, якую, па яго словах, можна назваць “Эфесскай Пяцідзесятніцай”. 

Пантыфік нагадаў, што хрысціянская супольнасць Эфеса атрымала веру, але не ведала, што існуе Святы Дух. Мясцовыя хрысціяне былі “добрымі людзьмі, людзьмі веры”, але не ведалі аб гэтым дары Айца. Тады апостал Павел усклаў на іх рукі і Дух сышоў на іх, і яны пачалі гаравыць рознымі мовамі, нагадаў Францішак.

Па словах Папы, Святы Дух узрушвае сэрцы, пацвярджэнне чаму можна знайсці на шматлікіх старонках Бібліі. Ёсць мноства прыкладаў таго, як Святы Дух падштурхоўваў людзей наблізіцца да Езуса. У сувязі з гэтым Пантыфік заклікаў вернікаў спытаць сябе аб тым, якое месца Святы Дух займае ў іх жыцці, ці здольныя яны слухаць Яго, ці здольныя прасіць аб Яго натхненні перад тым, каб прыняць якое-небудзь рашэнне, сказаць або зрабіць штосьці.

Францішак заўважыў, што ёсць людзі, якія маюць абсалютна халоднае і пазбаўленае эмоцый сэрца. Калі зрабіць ім “духоўную электракардыяграму”, вынік будзе абсалютна лінейным, без калыханняў, іранічна падкрэсліў Папа. У якасці прыкладу такіх асобаў, ён узгадаў евангельскіх настаўнікаў Закону, якія верылі ў Бога, ведалі ўсе запаведзі, але мелі закрытыя і нерухомыя сэрцы, не дазвалялі ўзрушыць сябе.

Паводле Францішка, дазволіць Святому Духу ўзрушыць сябе, не значыць быць сентыментальным. Святы Дух можа падштурхнуць адведаць хворага, змяніць жыццё, пакінуць штосьці кепскае, а гэта не сентыментальнасць. Важна слухаць Яго і распазнаваць памкненні, што ўзнікаюць у сэрцы, бо Святы Дух – гэта настаўнік праніклівасці. “Асоба, якая не мае гэтых імпульсаў у сэрцы, якая не распазнае, што здараецца, гэта асоба з астылай верай, ідэалагічнай. Яе вера – гэта ідэалогія, і ўсё”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак заклікаў маліцца аб дары Святога Духа, прасіць, каб Ён вёў па жыцці, каб дапамагаў адрозніваць тое, што добрае, ад таго, што такім не з’яўляецца, каб бачыць схаванае зло. “Папросім аб гэтай ласцы, каб слухаць тое, што Дух кажа нашаму Касцёлу, нашай супольнасці, нашай парафіі, нашай сям’і і кожнаму з нас”, - завяршыў гамілію Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.