2017-05-27 17:26:00

Францішак у Генуі: свет патрабуе малітвы хрысціян


Свет патрабуе заступніцкай малітвы хрысціян, адзначыў Францішак падчас Эўхарыстыі, якую цэлебраваў на заканчэнне свайго пастырскага візіту ў Геную. Літургія прайшла вечарам 27 мая 2017 г. на гарадской плошчы імя Джона Кэнэдзі. 

У гаміліі Пантыфік спаслаўся на евангельскія словы Езуса: “Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі” (Мц 28,18). Паводле яго слоў, гэтай уладай Хрыстус злучыў неба і зямлю. Менавіта гэты факт святкуецца падчас урачыстасці Унебаўшэсця Пана, “таму што калі Езус узышоў да Айца, наша цела перакрочыла парог неба”. “Нас чакае лёс уваскрослых дзяцей і таму па-сапраўднаму варта жыць тут, шукаючы тое, што ў небе, дзе знаходзіцца наш Пан”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што Хрыстус працягвае няспынна заступацца за людзей. Заданне заступніцкай малітвы Ён пакінуў таксама Касцёлу. “Свет мае у ёй патрэбу”, - падкрэсліў Святы Айцец. Ён заклікаў вернікаў знаходзіць сілы для таго, каб “закінуць якар да Бога”, прыносіць яму свае цяжкасці і цяжкасці іншых людзей. “Сіла такой малітвы, якая злучае неба і зямлю, дазваляе Богу ўвайсці ў наш час”, - сказаў Папа.

Ён заўважыў, што “хрысціянская малітва не з’яўляецца спосабам для таго, каб крыху больш пабыць у супакоі з самім сабой ці знайсці ўнутраную гармонію. Мы молімся, каб занесці ўсё да Бога, каб даверыць Яму свет: малітва – гэта заступніцтва. Не спакой, а дзейсная любоў”, - адзначыў Святы Айцец.

Спасылаючыся на іншыя словы Хрыста: “Ідзіце і навучайце ўсе народы” (Мц 28, 19), Папа нагадаў пра хрысціянскі абавязак прапаведвання. “Ён пасылае нас, нягледзячы на нашы недахопы. Ён ведае, што мы ніколі не будзем дасканалымі і што, калі будзем чакаць, пакуль станем лепшымі для евангелізацыі, не пачнем ніколі”, - дадаў Пантыфік.

Францішак заклікаў пераадоліць закрытасць, любоў да камфорту, настальгію па мінулым і несці Евангелле ўсім, бо “выйсце ў свет з Панам належыць да хрысціянскай тоеснасці”. Папа дадаў, што месцам хрысціянскага прапаведвання, як у апостальскія часы, павінны стаць шляхі свету. Евангелле павінна несціся Божай сілай і пакорай радаснага сведчання. “Гэта тэрмінова”, - адзначыў Папа. 

Напрыканцы гаміліі Святы Айцец заклікаў вернікаў не засяроджвацца на другасных пытаннях і фальшывых дыскусіях тых, хто слухае толькі самаго сябе, але з канкрэтнасцю працаваць дзеля супольнага дабра і міру, памятаючы, што больш радасці ёсць у тым, каб даваць, чым атрымліваць. “Пан, уваскрослы і жывы, Які заўсёды заступаецца за нас, няхай будзе сілай на нашай шляху, адвагай у нашым пілігрымаванні”, сказаў Папа на заканчэнне сваёй гаміліі.








All the contents on this site are copyrighted ©.