2017-05-27 14:15:00

Святы Айцец даў парады духавенству рэгіёна Лігурыя


Без адносін з Богам і бліжнім нічога не мае сэнсу ў жыцці святара, сцвердзіў Францішак падчас сустрэчы з біскупамі, святарамі і кансэкраванымі асобамі італьянскага рэгіёна Лігурыя. Яна прайшла 27 мая 2017 г. у архікатэдральным касцёле Генуі, куды Пантыфік прыбыў з пастырскім візітам. У сустрэчы прынялі ўдзел каля 1700 чалавек. Звяртаючыся да іх Папа нагадаў пра важнасць хрысціянскага жыццёвага сведчання, пазбягання марнасці, кар’ерызма і нараканняў.

Святы Айцец заклікаў духавенства наследаваць стыль Езуса ў сваім духоўным жыцці. Хрыстус, па словах Папы, заўсёды быў з людзьмі днём, а вечарам маліўся, "каб быць з Айцом". Францішак папярэдзіў святароў аб небяспецы "прадпрымальніцкага" ладу жыцця, які выражаецца ў празмерным клопаце аб упарадкаванні зямных спраў. Святары пакліканы быць адкрытымі на сустрэчу, здольнымі слухаць, павінны "дазваляць людзям стаміць сябе". "Езус выразна ўсведамляў, што Яго жыццё было для іншых: для Айца і народу, а не для самаго сябе", - сказаў Папа.

Францішак нагадаў пра важнасць малітвы перад табернакулюмам для духавенства, падчас якой трэба дазваляць Богу глядзяць на сябе, а не паўтараць словы, "як папугай". Святы Айцец нагадаў пра небяспеку "самадастатковасці" для духоўнай асобы, ператварэння ў "святара-гугл ці святара-вікіпедыю", які прэтэндуе на тое, каб ведаць усё. Ён асудзіў зайздрасць, нараканні і пляткарства ў святарскім асяроддзі, якія назваў найгоршымі небяспекамі для братэрства ў прэзбітэраце. У сувязі з гэтым ён заклікаў семінарыйных выхавацеляў быць уважлівымі і "гнаць прэч" тых кандыдытаў, якія пляткараць, нават калі яны здольныя і разумныя.

Францішак нагадаў, што кансэкраваныя асобы пакліканы ісці туды, дзе існуе больш рызыкаў і патрэбаў. Трэба дасягнуць усіх перыферый, у тым ліку інтэлектуальных. Ён заклікаў законнікаў і законніц уважліва разважаць аб тым, наколькі іх харызмат яшчэ патрэбны ў дыяцэзіі, у якой яны служаць, і ці не трэба пакінуць яе і накіравацца ў іншую, "з адткрытасцю і не баючыся рызыкаў".

Гаворачы аб крызісе пакліканняў Папа заўважыў, што ён закрануў не толькі святарскае жыццё, але таксама і сужэнства. У гэтым кантэсце важна пытацца ў Бога аб тым, што трэба змяняць. Для росту пакліканняў патрэбна радаснае сведчанне, у тым ліку ў ладзе жыцця. Марнасць, па словах Францішка, тут з’яўляецца антысведчаннем. Святы Айцец заклікаў да "місійнага навяртання". Ён нагадаў, што Бог дае шмат пакліканняў, важна толькі, каб святары і кансэкраваныя асобы мелі час, каб прысвячаць належную ўвагу моладзі і давалі перад ёй сапраўднае хрысціянскае сведчанне. “Сведчанне не патрабуе слоў, але любові, здольнай прыцягваць да сябе людзей”, - падкрэсліў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.