2017-05-26 13:34:00

Пантыфік прызначыў свайго новага вікарыя для Рымскай дыяцэзіі


Святы Айцец прыняў адстаўку 77-гадовага кардынала Агасціна Валіні з пасады генеральнага вікарыя для Рымскай дыяцэзіі і архіпрэзбітэра базылікі св. Яна на Латэране. Францішак прызначыў яго пераемнікам былога дапаможнага біскупа Рымскай дыяцэзіі Анджэла Дэ Данаціса, і надаў яму годнасць арцыбіскупа.

Арцыбіскуп Дэ Данаціс нарадзіўся ў 1954 г., святраскае пасвячэнне атрымаў у 1980 г. Філасофскае навучанне праходзіў ў Папскім латэранскім універсітэце, ступень ліцэнцыята па маральнай тэалогіі здабыў у Папскім грыгарыянскім універсітэце. Першапачаткова працаваў у душпастырстве, а затым быў духоўным айцом у семінарыі Рымскай дыяцэзіі. На працягу некалькіх гадоў быў пробашчам парафіі св. Марка на Капіталійскім пагорку ў цэнтры Вечнага горада, якую ператварыў ў сапраўдны цэнтр духоўнасці. З’яўляецца аўтарытэтным прапаведнікам: часта праводзіць духоўныя практыкаванні для духавенства. У 2014 г. Святы Айцец даручыў яму ўзначаліць рэкалекцыі для супрацоўнікаў Рымскай курыі. 14 верасня 2015 г. Францішак прызначыў яго дапаможным біскупам Рымскай дыяцэзіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.