2017-05-26 11:20:00

Каталіцкі епіскапат Беларусі рыхтуе пагадненне з дзяржавай


Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі рыхтуе пагадненне, якое плануе падпісаць з дзяржавай. На майскім пленарным пасяджэнні “біскупы выказаліся за неабходнасць юрыдычнага ўрэгулявання адносін паміж Каталіцкім Касцёлам у Беларусі і дзяржавай для больш эфектыўнага супрацоўніцтва дзеля духоўнага дабра беларускага народа”, - можна было прачытаць у афіцыным паведамленні пасля асамблеі.

На працягу некалькіх апошніх гадоў у Беларусі на розных узроўнях абмяркоўвалася падрыхтоўка пагаднення паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь. Як вынікае з камунікату, Канферэнцыя Біскупаў хоча прапанаваць са свайго боку іншы дакумент, які, на яе думку, урэгулюе адносіны паміж Касцёлам і дзяржавай, напрыклад, у сферах медыцыны, адукацыі, культуры, пракаментаваў для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Пагадненне можа стаць унікальным, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч не змог узгадаць ніводнай іншай краіны, дзе такога роду адносіны рэгуляваліся б дамовай паміж мясцовым Касцёлам і дзяржавай, звычайна гэта канкардат або іншае пагадненне, касцёльны бок у якім прадстаўляе Святы Пасад. 

“Выклікі часу такія, што трэба духоўна акармляць і вязняў, і хворых ў шпіталях, школа таксама тое месца, дзе павінен прысутнічаць Касцёл. А калі няма такой дамовы, часта наша прыстунасць залежыць ад канкрэтнага чалавека: ці пусціць ён нас да вязня, ці дазволіць цэлебраваць св. Імшу ў шпіталі... І гэта трэба замацаваць правам. Таму мы распрацоўваем такое пагадненне”, - патлумачыў іерарх. 

Прыклад такога дакументу ў Беларусі ўжо ёсць: ён быў падпісаны 15 гадоў таму паміж дзяржавай і Праваслаўнай Царквой і стаў базай для больш вузкіх дамоў – з канкрэтнымі міністэрствамі і ведамствамі.

Гэтую ж стратэгію ўзяў пад увагу і Каталіцкі Касцёл у Беларусі. Калі ініцыятыва будзе рэалізована, пагадненне паміж Касцёлам у Беларусі і дзяржавай стане новым штуршком і ў адносінах, і ў працы, лічыць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. “Гэта не азначае, што не будуць далей весціся працы па падрыхтоўцы пагаднення паміж Святым Пасадам і Беларуссю, двума суб’ектамі міжнароднага права. І калі такое пагадненне будзе падпісана, той дакумент, які мы рыхтуем зараз, страціць сілу, бо неабходнасць у ім адпадзе”, - падзяліўся іерарх юрыдычнымі тонкасцямі. 

Менавіта зацягнуты працэс падрыхтоўкі ватыканска-беларускага пагаднення і падштурхнуў да распрацоўкі дамовы паміж мясцовым Касцёлам і дзяржавай. Ідэя таксама ўжо была агучана ў Апараце Упаўнаважанага па справах рэлігій, прызнаўся арцыбіскуп Кандрусевіч. “Мы шмат разоў чулі: чаму ў вас няма такой дамовы? І я асабіста размаўляў з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, і яны адкрытыя на гэта. Бо гэта ўжо працуе ў Праваслаўнай Царкве. Гэта базавае пагадненне, некалькі старонак. Некаторыя моманты былі ўзяты з існуючага дакумента, бо калі гляздець і на іншыя пагадненні Беларускай Праваслаўнай Царквы з установамі, гэта вельмі вялікая праца. А у нас пакуль – гэта база, прынцыпы”, - сказаў іерарх.
    
На апошнім пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў дакумент былі ўнесены некаторыя папраўкі, каб у бліжэйшы час прадставіць на ўзроўні Святога Пасаду, дзе і вырашыцца далейшы лёс пагаднення.








All the contents on this site are copyrighted ©.