2017-05-24 11:54:00

Святы Айцец: Езус здзяйсняе “тэрапію надзеі”


Сапраўдная надзея ніколі не здабываецца малым коштам, а заўсёды праходзіць праз паразы, адзначыў Францішак 24 мая 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Працягваючы цыкл катэхез аб хрысціянскай надзеі, ён засяродзіўся на евангельскім апавяданні пра размову Езуса з двума вучнямі, якія ішлі ў Эмаус (Лк 24,13-35). 

Па словах Папы, гэта сустрэча здавалася цалкам выпадковай і падобнай на мноства з тых, якія здараюцца ў жыцці. Два вучні ішлі расчараваныя і задуменныя, калі да іх наблізіўся незнаёмы. Гэта быў Езус; але іх вочы не былі ў стане распазнаць Яго. Тады Ён пачаў сваю “тэрапію надзеі”, сказаў Святы Айцец.

“Перш за ўсё, Ён задае пытанні і слухае: наш Бог не з’яўляецца навязлівым. Нават калі ўжо ведае аб прычынах расчаравання, дае вучням час, каб маглі глыбока абдумаць горыч, якая іх агарнула. Адсюль вынікае прызнанне, што часта паўтараецца ў жыцці людзей: “А мы спадзяваліся...”. Колькі смуткаў, колькі паразаў, колькі няшчасцяў здараецца ў жыцці кожнага чалавека! Па сутнасці, мы ўсе крыху як гэтыя вучні. Колькі разоў у жыцці мы спадзяваліся, колькі разоў адчувалі сябе ў адным кроку ад шчасця, а потым вярталіся на зямлю расчараванымі. Але Езус крочыць з усімі людзьмі, якія страцілі давер, якія працягваюць шлях з апушчанай галавой. Ідучы з імі, таямнічым чынам, у Яго атрымліваецца вярнуць ім надзею”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што Езус прамаўляе сёння, у першую чаргу, праз Святое Пісанне. Хто бярэ яго ў рукі, не сустрэне там гісторый аб лёгкім гераізме, маланкавых пераможных кампаніях. 

“Сапраўдная надзея ніколі не здабываецца малым коштам: заўсёды праходзіць праз паразы. Надзея тых, хто не пакутуе, магчыма, нават не з’яўляецца надзеяй. Богу не падабаецца любоў такога кшталту, якую маюць да палкаводца, што вядзе свой народ да перамогі, топячы ворагаў у крыві. Наш Бог з’яўляецца слабым агеньчыкам, які палае ў зімовы і ветраны дзень. І хоць Яго прысутнасць на гэтым свеце здаецца кволай, Ён выбраў месца, якім мы ўсе пагарджаем”, - адзначыў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што перад двума вучнямі Езус паўтарыў ключавы жэст кожнай Эўхарыстыі: узяў хлеб, благаславіў яго, паламаў і даў ім. “Ці ж у гэтым шэрагу жэстаў не знаходзіцца ўся гісторыя Езуса? Ці ж у кожнай Эўхарыстыі няма знаку таго, чым павінен быць Касцёл? Езус бярэ нас, благаслаўляе, “ламае” наша жыццё – бо не існуе любові без ахвяры – і дае іншым, дае ўсім”, - сказаў Пантыфік. 

“Гэта была кароткая сустрэча, але ў ёй заключана ўсё прызначэнне Касцёла. Яна апавядае нам, што хрысціянская супольнасць не закрытая ў непрыступнай крэпасці, але крочыць у сваім самым жывым асяроддзі, знаходзіцца на шляху. На ім сустракае людзей, з іх надзеямі і расчараваннямі, часам цяжкімі. Касцёл слухае гісторыі ўсіх, як быццам вымаючы іх з шкатулкі асабістага сумлення, каб затым даць Слова жыцця і сведчанне Божай любові – любові, вернай да канца. І тады чалавечыя сэрцы зноў пачынаюць палаць надзеяй. Мы ўсе ў сваім жыцці мелі складаныя і цёмныя моманты, моманты, калі ішлі сумныя, задуменныя, без перспектыў, маючы перад сабой толькі сцяну. Езус заўсёды побач з намі, каб даць нам надзею, каб распаліць нашы сэрцы; Ён кажа: “Ідзі наперад, я з Табой. Ідзі наперад”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў вернікам, што нават нягледзячы на ілюзіі, якія кажуць адваротнае, Бог працягвае любіць кожнага. “Пойдзем наперад з гэтай надзеяй, бо Ён побач з намі, заўсёды крочыць разам з намі”, - завяршыў сваю катэхезу Пантыфік. 








All the contents on this site are copyrighted ©.