2017-05-24 13:38:00

Пантыфік моліцца за мір ва Украіне


Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Святы Айцец запэўніў у сваёй пастаяннай малітве за мір ва Украіне. “Хрыстус уваскрос! Вітаю ўкраінскіх пілігрымаў, удзельнікаў міжнароднай вайсковай пілігрымкі ў Лурд. Я пастаянна малюся да Пана за мір на дарагой зямлі Украіны”, - сказаў Францішак 24 мая 2017 г. у Ватыкане.

Трэба адзначыць, што Пантыфік рэгулярна звяртаецца з заклікамі да спынення ваенных дзеянняў ва Украіне. “Няхай Добры Пастыр дапаможа украінскай зямлі, яшчэ пакутуючай ад крывавага канфлікту, у адшуканні згоды і суправаджае ініцыятывы, накіраваныя на аблягчэнне драмы людзей, што церпяць ад яго наступстваў”, - сказаў Папа падчас свайго апошняга паслання “Urbi et Orbi”, якое прагучала ў Вялікдзень, 16 красавіка 2017 г.. 

Францішак вельмі асабіста ўспрымае тое, што адбываецца ва Украіне. У 2016 г. ён абвясціў ва ўсіх касцёлах Еўропы збор сродкаў для дапамогі насельніцтву, пацярпеламу ў выніку баявых дзеянняў на ўсходзе краіны. У рамках акцыі “Папа для Украіны” ўжо рэалізоўваецца больш за 60 розных праектаў гуманітарнай дапамогі, якія ахопліваюць розныя сектары: медыцынскую дапамогу, аднаўленне жылля і ацяпленне на працягу зімовага перыяду, закупку прадуктаў харчавання, адзення і сродкаў гігіены. На гэта ўжо выдзелена каля 6 млн еўра.

Таксама ватыканская дыпламатыя неаднойчы ўзнімала пытанне Украіны ў ААН. У лютым 2017 г. арцыбіскуп Бернардзіта Ауса заклікаў да прыняцця ўсіх неабходных мер для забеспячэння выканання рэжыму спынення агню. Намаганні павінны суправаджацца шчырай прыхільнасцю ўсіх зацікаўленых бакоў пры выкананні ўсіх асноўных правоў чалавека і аднаўленні стабільнасці на нацыянальным і міжнародным узроўнях, не ў апошнюю чаргу шляхам захавання міжнароднай законнасці ў дачыненні да тэрыторыі і межаў Украіны, агучыў ватыканскі дыпламат пазіцыю Святога Пасаду.








All the contents on this site are copyrighted ©.