2017-05-23 12:21:00

Падрабязнасці візіту Дональда Трампа ў Ватыкан


24 мая 2017 г. папа Францішак прыме на аўдыенцыі Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Сустрэча пачнецца ў 8.30 па рымскім часе ў Апостальскім палацы Ватыкана. Прэзідэнцкі картэж заедзе ў Ватыкан праз Браму Перуджына (Porta del Perugino), якая знаходзіцца непасрэдна ля Дому св. Марты – рэзідэнцыі Пантыфіка. 

Пасля сустрэчы з Францішкам, Дональд Трамп правядзе размову з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам, якога будзе суправаджаць сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. У рамках свайго візіту ў Ватыкан Прэзідэнт ЗША наведае таксама Сікстынскую капэлу і базыліку св. Пятра. 

Жонка палітыка, Меланія Трамп, 24 мая здзейсніць візіт у ватыканскі педыятрычны шпіталь “Дзіцятка Езус”, а дачка, Іванка Трамп, наведае сядзібу экуменічнай “Супольнасці св. Эгідзія”, дзе сустрэнецца з групай жанчын, ахвяр гандлю людзьмі. 

Дональд Трамп стане дваццатым Прэзідэнтам ЗША, якога прымуць у Ватыкане. Яго папярэднік на пасадзе кіраўніка дзяржавы, Барак Абама быў тут двойчы, у 2009 г. ён сустрэўся з Бэнэдыктам XVI, у 2014 г. – з Францішкам. Цяперашні Пантыфік у верасні 2015 г. здзейсніў візіт у Злучаныя Штаты.

Дыпламатычныя адносіны паміж ЗША і Святым Пасадам афіцыйна былі распачаты адносна нядаўна – у 1984 г. Па ўспамінах амерыканскага пасла пры Святым Пасадзе Уільяма Вільсана, перамовам на гэтую тэму паспрыяла сустрэча прэзідэнта Рэйгана з Янам Паўлам II. Тады было заяўлена, што прынцыпы, на якіх заснаваны Злучаныя Штаты, у цэлым “раўналежныя” прынцыпам Святога Пасаду.








All the contents on this site are copyrighted ©.