2017-05-21 15:18:00

Францішак: штодзённа вучыцца мастацтву любові


Пан заклікае нас з шчодрасцю адказаць на евангельскае пакліканне любові, ставячы Бога ў цэнтр нашага жыцця і прысвячаючы сябе служэнню братам, адзначыў папа Францішак 21 мая 2017 г. перад марыйнай малітвай “Regina Caeli” на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

“Евангелле на сённяшні дзень (пар. Ян 14,15-21), якое з’яўляецца працягам Евангелля мінулай нядзелі, вяртае нас да той узрушваючай і драматычнай падзеі, якой была Апошняя вячэра Езуса са сваімі вучнямі, - нагадаў Папа. - Евангеліст Ян збірае з вуснаў і сэрца Пана Яго апошнія настаўленні, перад мукай і смерцю. Езус абяцае сваім сябрам, у той сумны і цёмны момант, што пасля Яго, атрымаюць “іншага Суцяшальніка” (Ян 14,16). Гэта значыць іншага “Заступніка”, іншага абаронцу і суцяшальніка, “Духа праўды” (Ян 14,17); і дадае: “Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас” (Ян 14,18). Гэтыя словы перадаюць радасць новага прыйсця Хрыста: Ён, уваскрослы і праслаўлены, жыве ў Айцу, і ў той жа час, прыходзіць да нас у Святым Духу. У гэтым Яго новым прыйсці адкрываецца наша адзінства з Ім і Айцом: “Спазнаеце, што Я ў Айцу Маім і вы ўва Мне, і Я ў вас” (Ян 14,20).

Разважаючы над гэтымі словамі Езуса, сёння мы з пачуццем веры пазнаём, што з’яўляемся Божым народам ў адзінстве з Айцом і Езусам праз Святога Духа. У гэтай таямніцы адзінства, Касцёл знаходзіць невычэрпную крыніцу ўласнай місіі, якая рэалізуецца праз любоў. Езус кажа ў сённяшнім Евангеллі: “Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне. А хто любіць Мяне, таго палюбіць Айцец Мой, і Я палюблю яго і аб’яўлюся яму” (Ян 14,21). Гэта любоў уводзіць нас у пазнанне Езуса, дзякуючы дзейнасці гэтага Заступніка, якога Езус паслаў – Святога Духа. Любоў да Бога і бліжняга – самая вялікая запаведзь Евангелля. Сёння Пан заклікае нас з шчодрасцю адказаць на евангельскае пакліканне любові, ставячы Бога ў цэнтр нашага жыцця і прысвячаючы сябе служэнню братам, асабліва самым патрабуючым падтрымкі і суцяшэння.

Калі існуе пазіцыя, якая ніколі не з’яўляецца лёгкай, якая ніколі не з’яўляецца самой па сабе зразумелай, таксама для хрысціянскай супольнасці, то гэта менавіта здольнасць узаемна любіць, быць добразычлівымі, па прыкладзе Пана і з Яго ласкай. Часам супярэчнасці, пыха, зайздрасць, падзелы пакідаюць след таксама і на прыгожым абліччы Касцёла. Хрысціянская супольнасць павінна жыць у Хрыстовай любові, але менавіта тут злы “працягвае сваю лапу”, а мы часам дазваляем яму нас звесці. Часцей за гэта расплочваюцца асобы, якія з’яўляюцца слабымі духоўна. Колькі з іх адышло, – вы ведаеце некаторых з такіх – бо не адчулі сябе прынятымі, зразуметымі і любімымі. Колькі людзей аддаліліся ад парафіі ці супольнасці па прычыне пляткарскага асяроддзя, зайздрасці, нянавісці, якія там сустрэлі. Таксама для хрысціяніна, здольнасць любіць ніколі не з’яўляецца здабытай аднойчы і назаўсёды. Кожны дзень трэба пачынаць спачатку, трэба практыкавацца, каб наша любоў да братоў і сясцёр, якіх сустракаем, станавілася сталай і ачышчанай ад тых слабасцяў і грахоў, якія робяць яе частковай, эгаістычнай, бясплоднай і нявернай. Кожны дзень трэба вучыцца мастацтву любові! Кожны дзень трэба з цярплівасцю развівацца ў вучэнні Хрыста, кожны дзень трэба ўзаемна прабачаць і глядзець на Езуса, і рабіць гэта з дапамогай таго Абаронцы і Суцяшальніка, якога Ён нам паслаў: Яго Духа.

Няхай Панна Марыя, дасканалая вучаніца свайго Сына і Пана, дапаможа нам быць усё больш паслухмянымі Суцяшальніку, Духу праўды, каб штодзённа вучыцца любіць так, як Езус нас палюбіў”, - завяршыў Пантыфік.

Пасля марыйнай малітвы і апостальскага благаслаўлення, Святы Айцец прывітаў пілігрымаў з Італіі і з усяго свету, якія сабраліся на плошчы св. Пятра.








All the contents on this site are copyrighted ©.