2017-05-21 14:05:00

Пантыфік скіраваў зварот да кітайскіх католікаў


24 мая 2017 г., у літургічны ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў, якая асаблівым чынам ушаноўваецца ў санктуарыі Шэшан, у Шанхаі, будзе адзначацца Дзень малітвы за Касцёл у Кітаі. Аб гэтым папа Францішак нагадаў 21 мая 2017 г. пасля малітвы “Regina Caeli” у Ватыкане.

Пантыфік заклікаў да духоўнай еднасці з Касцёлам у Кітаі і звярнуўся да вернікаў гэтай краіны. “Скіруем позірк да Марыі, нашай Маці, каб дапамагла нам распазнаць Божую волю, якая тычыцца канкрэтнага шляху Касцёла ў Кітаі, і каб падтрымлівала нас ў шчырым прыняцці Яго задумы любові. Марыя заахвочвае нас да асабістага ўнёску ў будаванне адзінства паміж вернікамі і гармоніі ва ўсім грамадстве”, - сказаў ён. 

На заканчэнне свайго звароту Пантыфік заклікаў кітайскіх католікаў не забываць сведчыць аб веры малітвай і любоўю, застаючыся заўсёды адкрытымі на сустрэчу і дыялог.








All the contents on this site are copyrighted ©.