2017-05-20 11:57:00

Францішак сустрэўся з экспертамі па сацыяльным вучэнні


Існуе патрэба ў развіцці мадэляў эканамічнага росту, сканцэнтраваных на адметных рысах чалавечай асобы, якімі з’яўляюцца годнасць, свабода і крэатыўнасць, падкрэсліў Францішак 20 мая 2017 г., падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі ватыканскага фонда “Centesimus Annus – Pro Pontifice”. Гэта структура аб’ядноўвае экспертаў у сацыяльным вучэнні Касцёла і садзейнічае яго папулярызацыі і ажыццяўленню ў палітычнай і эканамічнай сферах.

Папа высока ацаніў намаганні экспертаў, накіраваныя на пошук альтэрнатыўнага разумення эканомікі, развіцця і гандлю, з мэтай адказаць на этычныя выклікі, звязаныя з тэхналагічным прагрэсам, культурай адчужэння і стылем жыцця, які ігнаруе бедных і пагарджае слабымі.

Ён заўважыў, што сёння многія прыкладаюць намаганні для з’яднання чалавечай сям’і ў супольным пошуку ўстойлівага і інтэгральнага развіцця, “бо ведаюць, што справы можна змяніць”. “Ваш Фонд робіць каштоўны ўнёсак менавіта ў разуменне камерцыйнай і фінансавай дзейнасці ў святле багатай традыцыі сацыяльнага вучэння Касцёла і інтэлектуальнага пошуку канструктыўных альтэрнатыў”, - сказаў Папа і заклікаў экспертаў працягваць пошук мадэляў эканамічнага росту, сканцэнтраваных на чалавеку.

Францішак спаслаўся на падпісаную падчас сёлетняга пасяджэння Фонда дэкларацыю, у якой сцвярджаецца, што барацьба з беднасцю патрабуе яе лепшага разумення, як чалавечага, а не толькі эканамічнага феномену. Ён заклікаў лічыцца з патрэбамі і памкненнямі людзей, быць уважлівымі да бедных і іх штодзённага гаротнага досведу, каб распрацаваць канкрэтныя адказы на іх сітуацыю. 

“Гэта патрабуе стварэння, унутры грамадства і паміж грамадствам і светам бізнесу, прамежкавых структур, здольных злучыць людзей і рэсурсы, даючы пачатак працэсам, у якіх бедныя будуць галоўнымі дзеючымі асобамі і бенефінцыянтамі”, - сказаў Папа. На яго думку, заснаваны на асобе падыход да эканамічнай дзейнасці будзе стымуляваць ініцыятыўнасць і крэатыўнасць, прадпрымальніцкі дух і працоўныя супольнасці, і, такім чынам, пасадзейнічае сацыяльнай інклюзіўнасці і росту плённай культуры салідарнасці.

Святы Айцец пажадаў, каб у рамках барацьбы з беспрацоўем, у кантэксце новай тэхналагічнай рэвалюцыі, увага звярталася не толькі на патрэбы асобных людзей, але таксама і сем’яў. Ён нагадаў, што для стварэння больш справядлівага, свабоднага і гарманічнага свету, патрэбны змены ў паводзінах, менталітэце і ладзе жыцця. 








All the contents on this site are copyrighted ©.