2017-05-17 11:59:00

Святы Айцец: Марыя Магдалена – апостал надзеі


Кожны чалавек – гэта гісторыя любові, якую Бог піша на гэтай зямлі, адзначыў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 17 мая 2017 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Сваю катэхезу ён прысвяціў Марыі Магдалене – “апосталу новай і самай вялікай надзеі”.

Францішак нагадаў, што яна была першай з жанчын, якія прыйшлі да магілы Езуса, каб намасціць Яго цела. Марыя Магдалена была адной з вучаніц, якія суправаджалі Хрыста аж ад Галілеі, служачы Касцёлу, які нараджаўся. “У яе прыходзе да магілы адлюстроўваецца вернасць шматлікіх жанчын, якія на працягу многіх гадоў ходзяць могілкавымі сцяжынамі, каб аддаць памяць тым, каго больш няма. Самыя сапраўдныя сувязі нават смерць разарваць не ў стане: ёсць тыя, хто працягвае любіць, нават калі дарагая асоба адышла назаўсёды”, - сказаў Папа.

Святы Айцец, заўважыў, што пасля свайго першага прыходу да магілы, Марыя Магдалена вярнулася расчараваная да вучняў і паведаміла, што камень быў адсунуты ад уваходу ў магілу. Яе першая гіпотэза была самай простай, якую толька можна было сфармулаваць: нехта скраў цела Езуса. “Так першая вестка, якую прынесла Марыя, была не аб уваскрасенні, а аб крадзяжы, які здзейснілі невядомыя, пакуль Ерузалем спаў”, - заўважыў Папа. 

Калі яна прыйшла да магілы ў другі раз і зазірнула ў яе з вачыма поўнымі слёзаў, Бог здзівіў яе самым нечаканым чынам. Евангеліст Ян падкрэсліў, наколькі моцнай была яе слепата: яна не звярнула ўвагі на прысутнасць двух анёлаў і нават не заўважыла чалавека за сваімі плячыма, пра якога пазней думала, што гэта садоўнік. Самую надзвычайную падзею ў гісторыі чалавецтва яна зразумела толькі, калі нарэшце была названа па імені: “Марыя!”, пракаментаваў Францішак.

“Як прыемна думаць, што першае аб’яўленне Уваскрослага – паводле Евангелля – адбылося такім асабістым чынам! Што ёсць хтосьці, хто нас ведае, бачыць нашы пакуты і расчараванні, турбуецца пра нас, і называе нас па імені. Гэта закон, які можна знайсці на многіх старонках Евангелля. Вакол Езуса ёсць мноства людзей, якія шукаюць Бога, але самая цудоўная рэчаіснасць у тым, што Бог першым, нашмат раней, клапоціцца аб нашым жыцці, хоча нас падбадзёрыць, а для гэтага кліча нас па імені, распазнаючы асабістае аблічча кожнага. Кожны чалавек – гэта гісторыя любові, якую Бог піша на гэтай зямлі. Кожны з нас – гэта гісторыя любові Бога. Кожнага з нас Бог кліча па імені: ведае нас па імені, глядзіць на нас, чакае нас, прабачае нам, мае цярплівасць да нас”, - падкрэсліў Пантыфік. 

Паводле Папы, рэвалюцыя жыцця Марыі Магдалены, “рэвалюцыя, якой было накаванана перамяніць жыццё кожнага чалавека, пачалася з імені, што прагучала ў садзе з пустой магілай”. “Евангеллі апісваюць радасць Марыі: уваскрасенне Езуса з’яўляецца не той радасцю, якая даецца па кроплі, але вадападам, што накрывае ўсё жыццё. Хрысціянскае жыццё выткана не з кволага шчасця, але з хваляў, што змятаюць усё. Паспрабуйце падумаць таксама і вы, у гэту хвіліну, з багажом расчараванняў і паразаў, якія кожны з нас носіць ва ўласным сэрцы, што існуе Бог, блізкі да нас, Які кліча нас па імені і кажа нам: “Устань, перастань плакаць, бо Я прыйшоў, каб вызваліць цябе!”. Як цудоўна гэта!”, - заўважыў Святы Айцец. 

Францішак заўважыў, што Езус не прыстасоўваецца да свету, талеруючы тое, што ў ім трываюць смерць, нянавісць, маральнае знішчэнне людзей. Бог не інертны; Ён любіць марыць. Ён марыць аб перамене свету, і споўніў яе ў таямніцы Уваскрасення, лічыць Пантыфік.

Па словах Папы, пасля гэтай падзеі, Марыя Магдалена, якая да сустрэчы з Езусам была пад уладай злога (Лк 8, 2), стала апосталам новай і самай вялікай надзеі. “Яе заступніцтва няхай дапамагае і нам жыць гэтым досведам: у час плачу і пакінутасці слухаць Уваскрослага Хрыста, які кліча нас па імені, і з сэрцам поўным радасці ісці і абвяшчаць: “Я бачыў Пана! Я змяніў жыццё, бо ўбачыў Пана! Цяпер я не такі, як раней, я іншы чалавек. Я змяніўся бо бачыў Пана. Гэта наша сіла і наша надзея!”, - завяршыў сваю катэхезу Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.