2017-05-16 13:16:00

Фінансавы нагляд Ватыкана прадставіў справаздачу за 2016 год


Бюро фінансавай інфармацыі Апостальскай Сталіцы і Дзяржавы Ватыкан (AIF) прадставіла 16 мая 2017 г. сваю справаздачу за 2016 г. Асноўнымі дасягненнямі мінула перыяду дырэктар ватыканскай установы Тамаза Дзі Руца назваў: значнае ўмацаванне міжнароднага супрацоўніцтва ватыканскага боку з кампетэнтным органамі краін па барацьбе з незаконнай фінансавай дзейнасцю, кансалідацыя сістэмы справаздачнасці, а таксама далейшае ўмацаванне нарматыўна-прававой базы. 

Міжнароднае супрацоўніцтва з’яўляецца неабходнай умовай для барацьбы з фінансавымі злачынствамі, і Святы Пасад цалкам адданы гэтай справе, падкрэсліў Рэнэ Брульхарт, старшыня Бюро, на спецыяльнай прэс-канферэнцыі ў Ватыкане.

Колькасць сігналаў аб падазронай дзейнасці зменшылася ў параўнанні з 2015 г. удвая – у 2016 г. іх было зарэгістравана 207. Але лічба выпадкаў такой дзейнасці стала вышэйшай. Кіраўніцтва патлумачыла гэта больш эфектыўнай рэалізацыяй працэдуры паведамленняў з боку адпаведных структур аб такога роду выпадках. У 2016 г. Бюро перадало 22 даклады ў ватыканскія судовыя органы для далейшага разгляду. Таксама павялічылася колькасць выпадкаў двухбаковага супрацоўніцтва паміж Бюро фінансавай інфармацыі Апостальскай Сталіцы і замежнымі фінансавымі кантрольнымі органамі: у 2013 г. іх было 81, у 2014 г. – 113, у 2015 г. – 380, а ў 2016 г. – 837. 

Бюро фінансавай інфармацыі з’яўляецца кампетэнтным органам Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан для кантролю і фінансавай разведкі ў мэтах папярэджання і процідзеяння адмыванню грошай і фінансаванню тэрарызму, а таксама для прудэнцыйнага нагляду. 








All the contents on this site are copyrighted ©.