2017-05-16 13:41:00

Францішак: сапраўдны спакой – гэта дар Святога Духа


Сапраўдны спакой мы не можам стварыць самастойна, бо ён з’яўляецца дарам Святога Духа, адзначыў Францішак 16 мая 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У гаміліі Папа спаслаўся на літургічнае чытанне з Дзеяў Апосталаў (Дз 14,19-28), дзе гаворка ідзе пра шматлікія пакуты, якія Павел і Барнаба спазналі, прапаведуючы Евангелле. Нягледзячы на гэта, яны мелі спакой, які паходзіць ад Хрыста. 

Паводле Святога Айца, спакой, які дае свет, штучны, гэта спакой без пакут, які зводзіцца да бестурботнасці. Ён узнікае ад усведамлення вырашанасці ўласных спраў. Ён падобны да спакою багацея з евангельскай прыпавесці (Лк 16,19-31), які ўнутрана абмяжоўвае.

Такі штучны спакой не вытрымае выпрабаванняў крыжам, бо сапраўднае суцяшэнне можна атрымаць толькі ад Святога Духа, звярнуў увагу Папа і нагадаў гісторыю з Аліўнага саду, калі Езуса, Які цалкам даверыў сябе волі Айца, прыйшоў суцяшаць анёл з неба (Лк 22,43).

Па словах Францішка, Божы спакой не супярэчыць жыццёвай рэальнасці. “Існуюць пакуты, хваробы, мноства кепскіх рэчаў, вядуцца войны... але гэты ўнутраны спакой, які з’яўляецца дарам, не губляецца. Дазваляе ісці наперад, несучы крыж і пакуты. Спакой без крыжа не з’яўляецца спакоем Езуса: гэта спакой, які можна купіць. Мы можам яго стварыць, але ён не будзе трывалым – ён мае свой канец”, - папярэдзіў Папа.

Францішак заклікаў вернікаў маліцца аб дары сапраўднага спакою і нагадаў словы св. Паўла: “Трэба прайсці праз многія цярпенні, каб увайсці ў Божае Валадарства” (Дз 14,22). 








All the contents on this site are copyrighted ©.