2017-05-15 11:41:00

Прадстаўлены сайт і лагатып Сусветных дзён моладзі 2019 года


Пачаў працу афіцыйны сайт 34-х Сусветных дзён моладзі 2019, якія пройдуць у Панаме – panama2019.pa. Ён будзе ўтрымліваць інфармацыю аб падрыхтоўцы да каталіцкага моладзевага форуму, а таксама ў будучыні стане пляцоўкай для рэгістрацыі пілігрымаў і валанцёраў. У канчатковай версіі інтэрнэт-рэсурс будзе працаваць на пяці афіцыйных мовах сустрэчы: іспанскай, англійскай, французскай, італьянскай і партугальскай.

Цэнтральныя падзеі Сусветных дзён моладзі ў Панаме пройдуць 22-27 студзеня 2019 г. пад дэвізам “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1, 38). Ім будуць папярэднічаць так званыя Дні ў дыяцэзіях, якія адбудуцца 17-21 студзеня на тэрыторыі Панамы, Коста-Рыкі і Нікарагуа.

Таксама на днях у Панаме быў прадстаўлены лагатып сусветнага форуму моладзі. Ён змяшчае стылізаваныя контуры Панамскага канала, дарогу, крыж пілігрымаў і фігуру Маці Божай з пяццю зоркамі над галавой – усё гэта аб’яднана сэрцам. На бела-блакітным лагатыпе выдзяляецца крыж, які атрымаў чырвоны колер.

Аўтарам з’яўляецца 20-гадовы студэнт Амбар Кальва. Яго праца была выбрана з 140 праектаў. Лагатып выкананы з моцным марыйным акцэнтам: Маці Божая – гэта зорка, мост паміж Богам і светам, сэрца сусвету. Пяць зорак над Яе галавой сімвалізуюць пяць кантынентаў, з якіх праз два гады ў Панаму прыедуць удзельнікі Сусветных дзён моладзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.